Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
37 из 39
На ўсякi выпадак, каб болей не турбаваць жонкi, ён параiў ёй нарыхтаваць сёе-тое з ежы - няхай яно ляжыць тут, на антрэсолях. Пацiху-патроху ён увогуле перастаў спускацца ўдзень, але i есцi амаль што не еў. Неяк увечары ён паклiкаў Луiзу i папрасiў дзве коўдры: "Я пераначую тут". Луiза зiрнула на яго, адкiнуўшы голаў назад, хацела была нешта сказаць, але змаўчала. Яна толькi ўважлiва глядзела на яго заклапочанымi i сумнымi вачыма. I раптам Ёна заўважыў, як яна пастарэла, якi глыбокi след у яе душы пакiнула iх нялёгкае жыццё. Ён падумаў тады, што нiколi па-сапраўднаму не дапамагаў ёй. Але раней, чым паспеў нешта сказаць, Луiза ўсмiхнулася - так пяшчотна, што ў Ёны зашчымела ў сэрцы. "Як хочаш, любы", - сказала яна.
З гэтага часу Ёна спаў на антрэсолях i амаль не спускаўся. Госцi ў доме адразу знiклi, бо ўбачыцца з Ёнам было немагчыма нi ўдзень, нi ўвечары. Адным казалi, што ён з'ехаў у вёску, iншым - калi лгаць ужо надакучвала, - што знайшоў сабе недзе майстэрню. Адзiн Рато быў верны сабе i прыходзiў штодня. Ён узбiраўся на лескi, i яго буйны голаў узнiкаў над памостам. "Ну як ты там?" казаў ён. "Лепш за ўсiх". - "Працуеш?" - "А як жа". - "Але ж у цябе няма палатна!" - "Ну дык што, усё роўна працую". Падтрымлiваць такi дыялог памiж лескамi i памостам было цяжка. Рато кiваў галавой, спускаўся i iшоў дапамагаць Луiзе адрамантаваць электрычныя пробкi або замок. Потым, не ўзлазячы на лескi, развiтваўся з Ёнам, i той азываўся са змроку: "Бывай, стары браце". Аднойчы да свайго развiтання Ёна дадаў яшчэ: "Дзякуй".
|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|