Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
35 из 39
Тады Ёна стаў на лескi, ухапiўся рукамi за край памоста i некалькi разоў падцягнуўся, каб выпрабаваць трываласць сваёй канструкцыi. Потым ён далучыўся да тых, хто чакаў яго ў зале, i ўсе былi радыя зноў бачыць яго такiм сардэчным i ветлiвым, якi ён быў раней. Увечары, калi хата ўжо амаль апусцела, Ёна ўзяў газнiцу, крэсла, зэдлiк, падрамнiк i пад цiкаўнымi позiркамi дзяцей i трох жанчын падняў усё гэта на антрэсолi. "Ну вось, - прамовiў ён з вышынi свайго седала. - Цяпер я буду працаваць тут i нiкому не перашкоджу". Луiза запыталася, цi ўпэўнены ён, што зможа там нешта зрабiць. "Вядома, - адказаў Ёна. - Многа месца не трэба. Мне тут будзе вальней. Сярод вялiкiх мастакоў былi i такiя, што малявалi са свечкай, але..." - "Дошкi хаця трывалыя?" Дошкi былi трывалыя. "Супакойся, сказаў Ёна, - гэта ж выдатнае выйсце". I ён спусцiўся ўнiз.
Назаўтра, з самага ранку, ён узлез на антрэсолi, сеў, паставiў перад сабой на зэдлiку падрамнiк, абапершы яго аб сцяну, i, не запальваючы газнiцы, пачаў чакаць. Выразна да яго даходзiлi толькi гукi з кухнi ды прыбiральнi. Усё астатняе - галасы гасцей, дзвярныя i тэлефонныя званкi, шарканне ног, размовы - здавалася вельмi далёкiм i глухiм, нiбы адбывалася недзе на вулiцы цi ў суседнiм двары. I ў той час, калi ўся кватэра патанала ў бязлiтасным яркiм святле, тут панаваў заспакойвальны цень. Час ад часу пад антрэсолямi ўзнiкаў якi-небудзь Ёнаў сябар. "Ты што там, Ёна?" - пытаўся ён. "Працую". - "Без святла?" - "Так, пакуль што без". Ёна не маляваў, ён разважаў.
|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|