Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
8 из 39
Iх кватэра была на другiм паверсе колiшняга асабняка ХVIII стагоддзя, у старым квартале сталiцы. У гэтым раёне жыло шмат мастакоў, верных таму прынцыпу, што ў мастацтве пошук новага павiнен праходзiць у межах старажытных традыцый. Ёну, якi падзяляў гэтае перакананне, жыць у такiм квартале вельмi падабалася.
Да старажытнасцi ва ўсякiм выпадку яго кватэра мела сама непасрэднае дачыненне. Праўда, некаторыя занадта сучасныя перабудовы надалi ёй даволi арыгiнальны выгляд, якi заключаўся ў тым, што кватэра давала сваiм гаспадарам вялiкi аб'ём паветра, займаючы адначасова маленькую плошчу. Пакоi з надзвычай высокiмi столямi i раскошнымi рамамi вокнаў, несумненна, некалi прызначалiся, мяркуючы па iх велiчных памерах, пад урачыстыя прыёмы i святочныя балi. Але гарадская цесната i прыбытковасць нерухомай маёмасцi прымусiлi новых домаўладальнiкаў падзялiць гэтыя занадта шырокiя пакоi перагародкамi i такiм чынам павялiчыць колькасць стайняў, якiя яны за вельмi кругленькую цану аддавалi ў наймы статку сваiх кватэранаймальнiкаў. I тут яны не забывалiся падкрэслiць тое, што па-iхняму называлася "значная кубатура паветра". Гэтую перавагу адмаўляць было нельга. Проста яе трэба было тлумачыць тым, што домаўладальнiкi сутыкнулiся з немагчымасцю перагарадзiць пакоi яшчэ i ўвышыню. Каб такое было магчыма, яны б без ваганняў пайшлi на ўсе неабходныя ахвяры, каб даць некалькi дадатковых прытулкаў вельмi ахвочаму на шлюб i плоднаму ў той час маладому пакаленню. Кубатура паветра давала, зрэшты, не толькi перавагi.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|