Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 11 из 117

Не-не, цяпер вы лёгка знойдзеце дарогу, дазвольце развiтацца каля гэтага моста. Уначы я нiколi не хаджу па мастах. Такi ўжо даў зарок. Уявiце, што некаму раптам узбрыдзе кiнуцца ў ваду! Тут адно з двух: або вы кiдаецеся за iм - а пасля гэтага такой халоднай парой нiчога добрага чакаць не даводзiцца, - або праходзiце мiма, i тады ўспамiн пра ўсплёск над вадой выклiкае ў вас часам нейкую дзiўную ламоту ў спiне. Ну, дабранач! Што? Вас цiкавiць, што гэта там за кабеты за шыбамi? Гэта сон, пане, прыемны сон за невялiчкую ўзнагароду, вандроўка да Iндыi! Гэтыя паненкi пахнуць духмянымi прыправамi ўсходнiх краiн. Вы заходзiце, яны захiнаюць шторы, i плаванне пачынаецца. Багi сыходзяць да аголеных цел, мiма плывуць выспы, звар'яцелыя, увянчаныя раскудлачанымi на ветры пасмамi высачэзных пальм... Вы паспрабуйце.

Што такое суддзя-пакаяльнiк? Ага! Як бачу, я вас заiнтрыгаваў. Але паверце, я зрабiў гэта без нiякага злога намеру i гатовы цяпер жа ўсё растлумачыць. У пэўным сэнсе, гэта нават уваходзiць у мае абавязкi. Але спачатку - некалькi фактаў з майго жыцця, яны дапамогуць вам лепей зразумець мой расказ.

Некалькi год назад я быў адвакатам у Парыжы i, далiбог, даволi вядомым. Я, зразумела, не назваў вам свайго сапраўднага iмя. У мяне была тады спецыялiзацыя: высакародныя справы. Удовы i сiроткi, як гэта называюць, хоць я, напрыклад, не надта разумею - чаму? Бо ёсць такiя хiжыя ўдовы i злачынныя сiроткi, што другiх такiх пашукай. Але досыць мне было ўчуць, што ад падсуднага хоць крыху патыхае ахвярай, як рукавы самi ўзляталi над маёй галавой.

|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]