Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
2 из 117
Бо яго ж рамяство - якраз у тым, каб прымаць у гэтым амстэрдамскiм бары - якi ён, дарэчы, д'ябал ведае чаму, назваў "Мехiка-Сiцi" - маракоў зусяго свету. З такiм заняткам яго невуцтва, як бы мовiць, не надта стасуецца, вы не лiчыце? Уявiце сабе краманьёнца, якi трапiў у Вавiлонскую вежу! Той, прынамсi, смуткаваў бы па родных мясцiнах. А гэты - не, гэты зусiм не адчувае сябе ў выгнаннi, ён спакойна iдзе сваёю дарогай, яго нiчога не абыходзiць. Адзiн з тых рэдкiх выразаў, якiя я чуў ад яго, зводзiўся да таго, што, маўляў, хочаш пагаджайся, не хочаш - не мяшайся. З чым трэба пагаджацца, у што не мяшацца? Тут наш сябар, несумненна, меў на ўвазе самога сябе. Прызнаюся, мяне заўсёды вабiлi такiя натуры, нiбыта высечаныя з суцэльнай глыбы. Калi паводле прафесii цi прызвання шмат разважаеш пра людзей, здараецца часам адчуваць пэўную настальгiю па прыматах. Ужо ў iх не было прыхаваных думак.
Праўда, у нашага гаспадара, хоць ён i сам толькi цьмяна здагадваецца пра гэта, але такiя ўсё ж маюцца. У яго, ведаеце, вельмi недаверлiвы нораў, а ўсё таму, што ён абсалютна нiчога не разумее, што пры iм кажуць. Адсюль i такая пахмурна-паважная пыса - нiбы ён, прынамсi, займеў падазрэнне, што ў чалавечым грамадстве не ўсё iдзе гладка. Калi ў чалавека такi настрой, з iм не надта лёгка гутарыць пра тое, што не тычыцца яго рамяства. Дарэчы, зiрнiце на тую сцяну, углыбiнi, - бачыце, над самай яго галавой квадрат, нiбы там вiсела карцiна. А там, сапраўды, раней вiсела карцiна, i вельмi цiкавая, сапраўдны шэдэўр. Дык вось, я быў сведка таго, як тутэйшы гаспадар яе набыў i як потым збыў.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|