Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
3 из 117
У абодвух выпадках гэта рабiлася з аднолькавай падазронасцю, пасля некалькiх тыдняў перадумвання i перажоўвання. З гэтага пункту погляду грамадства, трэба прызнаць, крыху папсавала некранутую прастату ягонай натуры.
Заўважце, я зусiм не папракаю яго. Я нават паважаю ў iм гэтую абгрунтаваную недаверлiвасць i з ахвотаю падзялiў бы яе, каб мне не замiнала, як вы самi маглi пераканацца, мая прыродная таварыскасць. На жаль, я балбатун i вельмi лёгка сыходжуся з людзьмi. Праўда, я ўмею трымаць прыстойную дыстанцыю, але каб пазнаёмiцца, любы выпадак лiчу прыдатным. Калi я жыў у Францыi, я не мог прамiнуць нiводнага разумнага чалавека, каб адразу не наладзiць з iм сяброўскiх зносiн. Ага, як бачу, вам крыху не прывычны гэты дзiўны выраз? Што ж, прызнаюся, ёсць у мяне слабасць да такiх выслоўяў, як i да ўсякiх моўных выкрутасаў наогул. I я сам папракаю сябе за гэтую слабасць, паверце. Я, зрэшты, выдатна разумею, што густ да тонкай бялiзны зусiм не абавязкова азначае, што ў вас брудныя ногi. I ўсё-ткi! Вычварны стыль, як i кужаль, вельмi ччаста хавае каросту. Адзiнае, чым я суцяшаю сябе - што i нягеглыя мямлi таксама не чысцейшыя за нас, гаваруноў. О, вядома, возьмем яшчэ па кiлiшку.
Вы доўга будзеце ў Амстэрдаме? Прыгожы горад, праўда? Чароўны? Вось слоўца, якога я даўно ўжо не чуў. Бадай, з тых часоў, як пакiнуў Парыж, а колькi ўжо мiнула! Але ў сэрца свая памяць, i я не забыў нашай мiлай сталiцы, яе набярэжных над Сенай. Парыж! Чысты мiраж, блiскучая дэкарацыя, у якой рухаюцца i жывуць чатыры мiльёны чалавечых iстот.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|