Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
5 из 117
Вось вам работа, вось вам сям'я, вось - арганiзаваны адпачынак". I вострыя зубкi кiдаюцца на цела - i да касцей, да касцей. Але я не маю рацыi. Трэба казаць: не яны - ты так створаны. Гэта наш лад жыцця: галоўнае - хто каго абгрызе першы.
Ну вось, нарэшце нясуць нам нашую ядлаўцоўку. Каб вам добра жылося! Ага, вы бачылi - наш гарыла разявiў рот, ён назваў мяне доктарам. У гэтых краях усе дактары. Цi прафесары. Галандцы любяць паважаць - праз сваю дабрыню цi праз сцiпласць. Зласлiвасць, прынамсi, у iх зусiм не нацыянальная рыса. А я, дарэчы, не лекар. Да прыезду сюды, калi вас гэта цiкавiць, я працаваў адвакатам. А цяпер вось - суддзя-пакаяльнiк.
Але дазвольце ж назваць сваё iмя: Жан-Батыст Кляманс, ваш пакорны слуга. Рады пазнаёмiцца. У вас тут, несумненна, нейкiя справы? Амаль што? Выдатны адказ! I галоўнае - слушны, бо мы ўсе i ва ўсiм усяго толькi "амаль што". Паслухайце, длазвольце я згуляю з вамi ў дэтэктыва. Вы амаль што майго ўзросту, у вас спрактыкаванае вока саракагадовага чалавека, якi амаль што ўсё паспеў зведаць у жыццi, вы амаль што добра апрануты - цi менавiта так, як у нас апранаюцца ўсе, - i нарэшце, у вас гладкiя, дагледжаныя рукi. Значыць... значыць, вы - буржуа, амаль што! I буржуа вытанчаны! Вам непрывычны мае выкручастыя фразы? Што ж, гэта толькi двойчы даказвае вашу высокую культуру, бо, па-першае, вы ўсё-ткi разумееце iх сэнс, а па-другое, яны вас абураюць. I нарэшце, хвалiцца не буду, але, па-мойму, я вас зацiкавiў, а гэта сведчыць пра пэўную шырыню вашага розуму.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|