Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 28 из 117

Прынамсi, пасля таго як прайдзiсвет раптам знiк, натамiўшы свой голас i рукi, верная ўдава пачала зноў узносiць хвалу свайму мужу-нябожчыку! Як бы то нi было, але я ведаў многа такiх, што, здавалася б, знешне жылi цiха i мiрна, але праз гэта зусiм не былi болей верныя або шчырыя. Я знаў аднаго чалавека, якi дваццаць гадоў свайго жыцця аддаў абсалютна пустой балаболцы, усiм ахвяраваў дзеля яе: сябрамi, кар'ерай i нават прыстойнасцю, - а потым аднойчы прызнаўся, што нiколi яе не кахаў. Проста яму было нудна, вось i ўсё. Ён нудзiўся, як i большасць людзей, i каб нечым заняцца, стварыў сабе такое жыццё, поўнае складанасцей i драматызму. Людзям трэба, каб нешта здаралася, i гэтым тлумачыцца большасць чалавечых канфлiктаў. Усе толькi i чакаюць, каб нешта адбылося - няхай нават рабства без кахання, няхай нават вайна, няхай смерць. I таму мы маем падставу ўсклiкнуць: няхай жывуць пахаваннi!

У мяне ж не было i гэтага апраўдання. Я зусiм не нудзiўся - я панаваў. А ў той памятны вечар, магу вам сказаць, я нудзiўся меней за ўсё. Не, праўда, я абсалютна не хацеў, каб нешта адбылося. I тым не менш... Уявiце сабе такi цiхi восеньскi вечар, калi над горадам яшчэ дзьме цёплы ветрык, а над Сенай ужо ўздымаецца вiльготная прахалода. Надыходзiла ноч, яшчэ светлае на захадзе неба змрачнела, цьмяна блiскалi лiхтары. Я iшоў па набярэжнай да моста Мастацтваў. Памiж зачыненых латкоў букiнiстаў мiгцела сваiмi хвалямi рака. На набярэжнай было амаль бязлюдна: Парыж сеў за вячэру. Я таптаў нагамi пыльнае жоўтае лiсце, якое нагадвала пра нядаўняе лета. Неба пакрысе напаўнялася зорамi.

|< Пред. 26 27 28 29 30 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]