Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 29 из 117

Яны загаралiся раптам, калi я адыходзiў ад чарговага лiхтара, i хутка зноў гаслi. Я ўпiваўся цiшынёю i вячэрнiм спакоем апусцелага горада. Я быў задаволены. Дзень прайшоў вельмi ўдала: мне сустрэўся сляпы, якому я дапамог перайсцi вулiцу, я здолеў памякчыць прысуд аднаму свайму падапечнаму, i той горача пацiснуў мне за гэта руку, я зрабiў яшчэ некалькi велiкадушных учынкаў i за абедам у коле сяброў вызначыўся iмправiзаванай прамовай пра чэрствасць нашых кiраўнiкоў i крывадушнасць элiты.

Я зайшоў на мост Мастацтваў, бязлюдны ўжо ў гэты час, i спынiўся, каб паглядзець на раку, якая ледзь вiднелася ў згусцелым змроку. Я стаяў тварам да статуi Генрыха IV, якраз над самай выспай, i адчуваў, як ува мне расце бязмежнае пачуццё сваёй усемагутнасцi i, я б нават сказаў, нейкай завершанасцi. Я ўжо збiраўся быў запалiць цыгарэту, як гэта часта бывае ў хвiлiну задавальнення, але раптам за спiнаю ў мяне прагучаў смех. Здзiўлены, я рэзка павярнуўся - нiкога. Я кiнуўся да парэнчаў - на рацэ не было нi чоўна, нi баркi. Я зноў зiрнуў на выспу, i зноў пачуў за спiнаю гэты смех, але цяпер ужо больш далёкi, нiбы яго зносiла плынню. Я стаяў, нерухомы. Смех цiшэў, але я чуў яго вельмi, выразна, ён ляцеў знiадкуль, з пустаты. Цi, можа быць, з хваль? Я адчуваў, як шалёна тахкае маё сэрца. Але зразумейце мяне правiльна, у гэтым смеху не было нiчога таемнага, гэта быў звычайны, добры смех, абсалютна натуральны i амаль сяброўскi, якi ўсё ставiць на сваё месца. Зрэшты, хутка ён ужо сцiх. Я спусцiўся на набярэжную i пайшоў па вулiцы Дафiн. Купiў зусiм не патрэбныя мне цыгарэты.

|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]