Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 40 из 117

Я павярнуўся да нязванага мушкецёра, але нават не паспеў яго разгледзець як след. Бо толькi я павярнуў галаву, як матацыкл адразу затрашчаў, i я атрымаў важкi ўдар у вуха. Раней чым я ўсвядомiў, што адбылося, матацыкл ужо знiк. Разгубiўшыся, я машынальна рушыў да д'Артаньяна, але ў гэты самы момант пачуўся сярдзiты хор гудкоў - за маiм аўтамабiлем выстраiлася доўгая чарада машын. Зноў запалiўся зялёны сiгнал. I я, яшчэ крыху збянтэжаны, замест таго каб адлупцаваць нахабнага дурня, якi так недарэчы да мяне прычапiўся, паслухмяна сеў у машыну i ад'ехаў. А дурань наўздагон абазваў мяне "нiкчэмным баязлiўцам", i гэта таксама далося мне ў знакi.

Нiчога не варты выпадак, скажаце вы? Безумоўна. Але я доўга не мог яго забыць, вось што важна. Праўда, у мяне былi апраўданнi, i хоць я i не адказаў на знявагу, вiнавацiць мяне ў баязлiўстве было, бадай, нельга. Мяне заспелi знянацку, прычапiлiся з двух бакоў, усё перамяшалася ў маёй галаве, i аўтамабiльныя гудкi даканалi гэтую разгубленасць. I ўсё ж я адчуваў сябе няшчасным, нiбыта страцiў свой гонар. Перад маiмi вачыма ўсплывала, як я сядаю ў машыну, нiчога не адказаўшы на абразу, i на мяне глядзяць кплiвыя позiркi з натоўпу, узрадаванага тым больш, што на мне, я i цяпер яшчэ помню, быў вельмi элегантны блакiтны гарнiтур. У вушах у мяне гучала: "Нiкчэмны баязлiвец!" - i цяпер я лiчыў, што, увогуле, заслужыў гэтую мянушку. Як бы то нi было, але я спасаваў, публiчна здрэйфiў. Няхай вiною таму быў збег акалiчнасцей, але гэта яшчэ не прычына - акалiчнасцi заўсёды ёсць.

|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]