Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 41 из 117

Гледзячы назад, я ясна ўяўляў, што мне трэба было зрабiць. Я павiнен быў падысцi да д'Артаньяна, кароткiм трапным ударам збiць яго з ног, потым сесцi ў машыну, дагнаць паскудную малпу, якая мяне зняважыла, прыцiснуць яе матацыкл да ходнiкаў i, адцягнуўшы злоснiка ўбок, задаць яму добрага дыхту, як ён таго заслугоўваў. З некаторымi варыянтамi я сто разоў пракручваў гэты фiльм у сваiх думках. Але таго, што мiнула, не вернеш, i мяне яшчэ некалькi дзён мучылi чорныя ўспамiны.

Ну, вы паглядзiце, зноў пайшоў дождж! Давайце схаваемся пад тым вунь адлевам. Вось так, тут будзе лепей. Дык на чым я спынiўся? Ага, правiльна гонар! Дык вось, прыгадаўшы гэту гiсторыю, я зразумеў, што яна азначала. Увогуле, мае мары не вытрымлiвалi выпрабавання жыццём. Я ўяўляў - толькi ўяўляў, цяпер гэта было ўжо ясна, - што я чалавек паўнацэнны i дасканалы, чалавек, якi выклiкае ва ўсiх захапленне сваiмi прафесiйнымi i агульначалавечымi якасцямi. Нешта памiж Сэрданам i дэ Голем, калi хочаце. Карацей кажучы, я марыў быць першым ва ўсiм. Я ўвесь час строiў з сябе важную асобу, какетнiчаў, каб паказаць хутчэй свае фiзiчныя, а не iнтэлектуальныя здольнасцi. Аднак пасля таго, як мне публiчна ўляпiлi поўху i я пакорна змаўчаў, мiлавацца такiм сваiм прыгожанькiм вобразам было ўжо немагчыма. Каб я сапраўды быў прыхiльнiк праўды i розуму, што б мне было да гэтай гiсторыi, на якую ўсе даўно ўжо забылiся? Я хiба што пашкадаваў бы, што ўгнявiўся, што не здолеў стрымаць свайго гневу, панаракаў бы, што ў мяне не хапiла духу, каб узяць сябе ў рукi.

|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]