Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 42 из 117

Але ж не - я прагнуў узяць рэванш, адпомсцiць, перамагчы. Я нiбыта нiколi i не марыў быць сама разумным i сама велiкадушным стварэннем на зямлi, а iмкнуўся да аднаго - бiць, бiць усiх, хто трапляецца пад руку, быць сама дужым - i ў сама прымiтыўным сэнсе гэтага слова. Праўда, пане, крыецца ў тым, што кожны iнтэлiгент марыць быць гангстэрам i панаваць над грамадствам толькi з дапамогаю грубае сiлы. Аднак гэта не так лёгка, як можа здацца пры чытаннi адпаведных раманаў. I таму нашы iнтэлектуалы кiдаюцца да палiтыкi, шыюцца ў сама экстрэмiсцкiя партыi. Якая рознiца, што гэтым яны прынiжаюць свой розум? Затое яны будуць уладарыць над светам! Карацей кажучы, я таксама заўважыў у сабе салодкую мару стаць прыгнятальнiкам.

Прынамсi, я зразумеў, што абараняю злачынцаў толькi таму, што iх злачынствы не робяць мне нiякай шкоды. Iх вiнаватасць жывiла маё красамоўства пастолькi, паколькi сам я не быў iх ахвярай. Калi ж нешта пагражала маёй асобе, я рабiўся не толькi суддзёй - я ператвараўся ў гняўлiвага феадала, гатовага расправiцца са сваiм злоснiкам па ўласных законах, збiць, здратаваць, паставiць яго на каленi. Пагадзiцеся, мой дарагi суайчыннiк, што пасля ўсяго гэтага мне было цяжка ставiцца ўсур'ёз да свайго прызвання служыць правасуддзю i абараняць сiротак i ўдоў.

А дождж усё мацнее, значыць, часу ў нас дастаткова, i я, бадай, асмелюся расказаць вам пра яшчэ адно адкрыццё, якое ўсплыло ў маёй памяцi трошкi пазней. Давайце толькi прысядзем на тую вунь лаву пад стрэшкай.

|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]