Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
48 из 117
Я быў настолькi ўпэўнены ў сабе, што мне было цяжка ўявiць, каб жанчына, якая належала мне, некалi магла належаць другому. Я не мог гэтага дапусцiць, нават калi гэта было вiдавочна. I толькi павязаўшы iх клятвай, я адчуваў сябе вольным. Цяпер, калi я ведаў, што жанчына нiкому належаць не будзе, я мог з лёгкасцю яе кiнуць, што iначай было амаль немагчыма. Мне патрэбна была цвёрдая ўпэўненасць, што мая ўлада над iмi будзе iснаваць вечна. Забаўна, праўда? Але ўсё менавiта так, мой дарагi суайчыннiк. Адны крычаць: "Кахай мяне!" Другiя: "Не трэба мяне кахаць!" Але ёсць яшчэ адна, асаблiвая парода людзей - сама кепская i сама няшчасная, - яны патрабуюць: "Не кахай мяне, але вернасць захоўвай!"
Тут вось дзе загваздка: пераканацца ў вернасцi канчаткова, бадай што, немагчыма, i з кожнай новай каханкай усё трэба паўтараць нанава. З часам гэта ўваходзiць у звычку, i хутка ты пачынаеш патрабаваць клятвы, нават не думаючы, на што яна табе патрэбна: у цябе ўжо рэфлекс. Нарэшце ўзнiкае такая сiтуацыя, калi ты бярэш, абсалютна таго не жадаючы. I можаце мне паверыць, некаторым бывае цяжэй за ўсё не ўзяць таго, чаго яны не хочуць.
Так са мной аднойчы i здарылася. Няма нiякай патрэбы расказваць, хто яна была, скажу толькi адно: яна мяне зусiм не хвалявала i прывабiла хiба што сваiм пасiўным i адначасова прагным выглядам. Шчыра кажучы, задавальненне было даволi пасрэднае, чаго i трэба было чакаць. Але комплексамi я нiколi не мучыўся i, развiтаўшыся з гэтай асобай, хутка яе забыў.
|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|