Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
49 из 117
Я не думаў, каб яна нешта заўважыла, i ўжо зусiм не мог уявiць, што ў яе ўзнiкнуць нейкiя думкi. Зрэшты, у яе быў такi адчужаны выгляд, што мне падалося, нiбы яна наогул не здольная бачыць, што робiцца ў свеце. I тым не менш, праз некалькi тыдняў я даведаўся, што яна расказала пра мае недахопы нейкаму старонняму чалавеку. Першае пачуццё ў мяне было, што мне здрадзiлi; аказваецца, яна была не такая пасiўная, якой мне здавалася, i ў яе таксама былi нейкiя думкi! Але потым я пацiснуў плячыма i зрабiў выгляд, быццам мне ўсё гэта проста смешна. I я сапраўды пасмяяўся, бо гэты iнцыдэнт, зразумела, не меў нiякага значэння. Дый дзе ж яшчэ, як не ў справах сексу з усiмi яго дзiвацтвамi, сцiпласць мусiць быць правiлам? Але ж не, i тут кожны хоча выставiць сябе ў сама выгадным святле, няхай хоць бы перад самiм сабою. Вось i я - я сцiпла пацiснуў плячыма, i ведаеце, што зрабiў? Трошкi пазней я зноў спаткаўся з гэтай жанчынай, зноў зрабiў усё, каб яе спакусiць, i зноў авалодаў ёю. Зрэшты, гэта было не так ужо цяжка: жанчыны таксама не любяць, каб гэтая справа канчалася расчараваннем. I вось, як толькi мне ўсё гэта ўдалося, я пачаў лiтаральна мучыць яе. Гэта атрымлiвалася ў мяне мiмаволi. Я кiдаў i зноў вяртаўся да яе, я прымушаў яе аддавацца мне ў сама неадпаведны час i ў сама неадпаведных абставiнах, я абыходзiўся з ёю ва ўсiх адносiнах так жорстка, што нарэшце прывязаўся да яе, як, напэўна, прывязваецца турэмны наглядчык да свайго вязня. I так доўжылася да таго дня, пакуль яна, у нястрымным парыве пакутлiвай палкасцi, на ўвесь голас не ўславiла таго, хто яе прыгнятаў.
|< Пред. 47 48 49 50 51 След. >|