Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
50 из 117
З тагодня я пачаў ад яе аддаляцца. I потым забыўся зусiм.
Нягледзячы на ваша далiкатнае маўчанне, я, бадай, пагаджуся, што гэта не вельмi яркая гiсторыя. I ўсё-такi - прыгадайце сваё жыццё, мой дарагi суайчыннiк! Пакапайцеся ў памяцi, я ўпэўнены, што вы знойдзеце ў ёй такую самую або падобную да гэтай гiсторыю i пазней самi распавядзеце яе. Што ж да мяне, то я смяяўся, калi прыгадваў гэту прыгоду. Праўда, гэта быў ужо iншы смех, ён быў нечым падобны на той, што я чуў на мосце Мастацтваў. Я смяяўся са сваiх любоўных i абарончых прамоў. Нават больш з абарончых, нiж з любоўных, бо ў размовах з жанчынамi я ўсё-ткi хлусiў менш. Маiмi паводзiнамi тут кiраваў iнстынкт, а ён гаворыць заўсёды ясна i без акалiчнасцей. Акт кахання - гэта ўжо прызнанне. Тут найбольш яскрава выяўляюцца i ваш эгаiзм, i ваша пыхлiвасць цi, наадварот, - ваша сапраўдная велiкадушнасць. Па сутнасцi, у гэтай сумнай гiсторыi я больш, чым калi б то нi было, паказаў сабе, хто я ёсць. Я быў у ёй больш шчыры, чым сам пра гэта здагадваўся, я ўбачыў нарэшце, як я жыву. I ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта - нягледзячы на тое, што я паводзiў сябе менавiта так, як вам расказаў, маё прыватнае жыццё было больш вартае павагi, чым мае напышлiвыя адвакацкiя прамовы пра бязвiннасць i правасуддзе. Ва ўсякiм выпадку, у сваiх адносiнах з жанчынамi я не мог падманвацца наконт сапраўднай сутнасцi маёй натуры.
|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|