Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 6 из 117

Прымаючы ж усё сказанае пад увагу, прыходзiм да высновы, што вы- амаль што... Зрэшты, якое гэта мае значэнне? Прафесii мяне цiкавяць меней за секты. Дазвольце, я задам вам пару пытанняў? Калi палiчыце iх нясцiплымi - не адказвайце. Вы багаты? Збольшага? Добра. I вы не падзялiлiся сваiм багаццем з жабракамi? Не. Значыць, вы належыце да тых, каго я называю садукеямi. Праўда, калi вы не чыталi Святога Пiсання, вам гэта наўрад цi што скажа. Нешта гаворыць? Дык вы ведаеце Святое Пiсанне? Слухайце, вы сапраўды вельмi мяне цiкавiце.

Што ж да мяне... Ну, тут ужо мяркуйце самi. Плячыма, ростам i сваiм, па агульным прызнаннi, лютым тварам я хутчэй нагадваю рэгбiста, праўда? Аднак калi меркаваць па гаворцы, мне нельга адмовiць у пэўнай вытанчанасцi. Поўсць, з якой зрабiлi тканiну на маё палiто, састрыглi, вiдаць, з кароставага вярблюда, затое пазногцi ў мяне дагледжаныя. Чалавек я спрактыкаваны, як i вы, але здаюся на вас без нiякай перасцярогi, цалкам давяраючыся толькi вашаму твару. I нарэшце - нягледзячы на свае добрыя манеры i вычварную мову, я сталы наведнiк матроскiх бараў у Зэйдыку. Але кiньце, можаце не шукаць адказу. У мяне дваiстая прафесiя, вось i ўсё. Як i ўся мая натура наогул. Я ж вам казаў: я - суддзя-пакаяльнiк. Са мною толькi адно проста: у мяне абсалютна нiчога няма. Праўда, раней я быў багаты, але не, я не дзялiўся сваiм багаццем з iншымi. Пра што гэта сведчыць? Што я быў такi самы садукей, як i вы... О! Чуеце - сiрэны ў порце? Сёння ноччу будзе туман над Зэйдэрзее.

Вы ўжо збiраецеся? Прабачце, калi затрымаў. З вашага дазволу я за ўсё заплачу сам.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]