Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
57 из 117
Iначай гэта было б выдатнае выйсце, каб нарэшце прымусiцьусiх прымаць сябе ўсур'ёз. Пакуль вы жывяце, людзi нiколi не пераканаюцца ў вашай праўдзе, яны нiколi не павераць у шчырасць вашых пачуццяў i глыбiню вашых пакут. Пакуль вы не памерлi, вашае жыццё ўсяго толькi сумнiцельны выпадак, i да яго заўсёды будуць ставiцца скептычна. Таму, калi ў вас ёсць хоць сама маленькая ўпэўненасць, што вы здолееце пацешыцца вiдовiшчам, якое адбудзецца пасля вашай смерцi, - гэта ўжо варта клопату, каб даказаць iм тое, у што яны не верылi, i добра-такi iх здзiвiць. А калi такой упэўненасцi няма? Ну, заб'яце вы сябе - i што вам будзе да таго, паверылi яны вам цi не? Вас жа ўсё роўна не будзе. Вы не ўбачыце нi iх здзiўлення, нi раскаяння, няхай нават i вельмi кароткага. I вашая мара, якая жыве, дарэчы, у кожным чалавеку, - мара прысутнiчаць на сваiх хаўтурах, - застанецца неспраўджанаю. I ўсё ж, як нi круцiся, але каб пакончыць з недаверам да свайго жыцця, трэба пакончыць з самiм гэтым жыццём - толькi ўсяго.
А можа, гэта i добра, што мы нiчога не ўбачым? Бо iначай нам давялося б дужа пакутаваць праз абыякавасць нашых блiзкiх. "Ты мне за гэта заплацiш!" пагразiлася адна дзяўчына свайму бацьку, калi той забаранiў ёй пабрацца з нейкiм прылiзаным фацэтам. I налажыла на сябе рукi. Але бацька нiчога не заплацiў. Ён вельмi любiў рыбалiць са спiнiнгам. I праз тры днi зноў пайшоў да ракi - каб трошкi забыцца, як ён сказаў. Што ж, яго разлiк спраўдзiўся, ён сапраўды ўсё забыў. I, шчыра кажучы, варта было б здзiвiцца, каб здарылася iначай. Мы думаем, што, забiваючы сябе, мы гэтым караем сваю жонку.
|< Пред. 55 56 57 58 59 След. >|