Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
56 из 117
Яны махаюць крыламi i, нiбыта хвалi, то ўздымаюцца ўвышыню, то зноў апускаюцца долу, i вецер часам даносiць мяккi шолах iх шэрага пер'я, якiм поўнiцца ўвесь нябесны абшар. Галубы чакаюць там, увышынi, чакаюць увесь год. Яны лунаюць па-над зямлёю, глядзяць i, напэўна, хацелi б спусцiцца. Але iм няма куды - тут толькi мора, каналы, дахi з шыльдамi i нiводнай вяршынi, дзе б можна было адпачыць.
Вы не разумееце, што я хачу сказаць? Прызнацца, я i сам вельмi стамiўся. Губляю нiтку размовы, блытаюся... Няма ўжо былой яснасцi розуму, якой так захаплялiся мае сябры! Зрэшты, якiя сябры? Я гэта кажу чыста ўмоўна. У мяне даўно ўжо няма нiякiх сяброў, засталiся адны саўдзельнiкi. Затое колькасць iх павялiчылася - цяпер гэта ўвесь род чалавечы. I вы сярод iх - першы. Той, хто побач, - заўсёды першы. Адкуль я ведаю, што ў мяне няма сяброў? Вельмi проста: я зразумеў гэта, калi надумаў пакончыць жыццё самагубствам, - я хацеў выкiнуць перад сябрамi добрую штуку i, пэўным чынам, iх пакараць. Але скажыце, каго б я пакараў? Некаторыя, можа, хiба што здзiвiлiся б, але пакараным - о не! пакараным сябе нiхто б не адчуў. Тады я i сцямiў, што сяброў у мяне, аказваецца, няма! Дый нават калi б i былi, я ўсё роўна нiчога б не зрабiў. Вось каб я мог памерцi, а пасля ўбачыць, як выцягнуцца iх пысы, - тады, можа быць, аўчынка i была б вартая вырабу. А так - зямелька цёмная, мiлы дружа, дошкi трывалыя, а саван гаматны. Вочы душы? О, вядома! Калi толькi гэтая душа ёсць, i калi яна не сляпая. На жаль, мы не можам быць у гэтым упэўненыя, у гэтым нiхто не ўпэўнены.
|< Пред. 54 55 56 57 58 След. >|