Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
72 из 117
Калi ж я пачуў, як гэты змагар за праўду ўгаворвае небараку сысцi прэч, я прыйшоў у поўнае захапленне: "Няўжо вам няясна, што вы замiнаеце гэтым панам i панi? - казаў ён. - Ды пастаўце сябе на iх месца!" Апроч таго, я ўсiм i кожнаму скардзiўся, што цяпер, на жаль, мiнуў той час, калi можна было дзейнiчаць накшталт аднаго рускага памешчыка, характар якога мяне зачароўваў: ён загадваў сцябаць пугай i тых сялян, якiя з iм прывiталiся, i тых, якiя гэтага не рабiлi, - у абодвух выпадках, як ён лiчыў, дзёрзкасць была аднолькавая.
Зрэшты, у мяне здаралiся i горшыя выбрыкi. Я нават пачаў быў пiсаць "Оду палiцыi" i "Апафеоз гiльяцiны". А галоўнае - паставiў сабе абавязкам рэгулярна наведваць кавярнi, у якiх збiралiся нашы прафесiйныя гуманiсты. Дзякуючы майму сумленнаму мiнуламу яны прымалi мяне заўжды вельмi сардэчна. I вось, нiбы незнарок, я кiдаў адну бязвiнную фразу - я казаў: "Дзякуй Богу!" цi яшчэ прасцей: "Божа мой..." Вы ведаеце, якiя прымхлiвыя нашы карчомныя атэiсты. У першую хвiлiну пасля майго святатацкага заяўлення запаноўвала агульнае аняменне, усе збянтэжана пазiралi адзiн на аднаго, i тут пачынаўся гвалт адны кулём выляталi з кавярнi, другiя пачыналi гнеўна квахтаць, нiхто нiчога не слухаў, i ўсе бiлiся ў курчы, як чорт, якога акрапiлi святою вадой.
Вы, напэўна, палiчыце гэтыя выбрыкi хлапечым дзiвацтвам? Але па-мойму, у iх быў намнога глыбейшы сэнс. Я хацеў паламаць гульню i, галоўнае, - збэсцiць тую добрую рэпутацыю, якая даводзiла мяне да шалу. "Такi чалавек, як вы..." звярталiся да мяне, i гэта гучала пачцiва, а я ўвесь палатнеў ад гневу. Я болей не хацеў iх павагi, яна ўсё роўна не была ўсеагульнаю.
|< Пред. 70 71 72 73 74 След. >|