Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
70 из 117
Я мусiў прызнацца людзям, свайму сябру, напрыклад; цi каханай жанчыне. Во калi затаiць хоць адну маленечкую ману пры жыццi, смерць зробiць яе назаўжды непапраўнай. I нiколi, нiхто не дазнаецца праўды, бо адзiны, хто яе ведаў, знёс таямнiцу з сабой - у магiлу. Ад думкi пра такое беспаваротнае праўдазабойства ў мяне круцiлася ў галаве. Заўважу дарэчы, што сёння ад падобнай магчымасцi я адчуў бы хутчэй далiкатную асалоду. Няўжо не прывабна знаць тое, чаго марна шукае ўвесь свет, i хаваць у сваёй кватэры рэч, за якой бясплённа ганяюцца тры палiцэйскiя службы? Але не будзем спяшацца... Тады ў мяне ўсё гэта выклiкала занепакоенасць, бо я не знайшоў яшчэ патрэбнага рэцэпта.
Вядома, мне карцела пазбыцца такога пачуцця. Цi мае значэнне ашуканства аднаго чалавека ў гiсторыi цэлых пакаленняў? I чаго вартае намаганне пралiць святло праўды на мiзэрную хлусню, занядбаную ў акiяне вякоў, як драбiнка солi ў моры? Я стараўся пераканаць сябе, што цялесная смерць, мяркуючы па тых выпадках, якiя я бачыў, - сама па сабе ўжо дастатковая кара, каб змыць любы грэх. Чалавек зарабляе сабе паратунак (або права знiкнуць назаўжды) праз пот i пакуты агонii. I ўсё ж пачуццё неспакою мацнела, думка пра смерць ужо не пакiдала мяне, i я пачынаў з ёю кожны свой дзень, Лёсткi сяброў рабiлiся мне ўсё больш невыносныя. Мне здавалася, што яны яшчэ больш павялiчваюць маё ашуканства, робяць яго настолькi вялiкiм, што я ўжо нiколi не здолею пазбавiцца ад яго.
I вось настаў дзень, калi я не вытрываў. Першая рэакцыя была хаатычная.
|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|