Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
71 из 117
Я - хлус, i я сам абвяшчу пра гэта, я кiну сваю двухаблiчнасць у твар гэтым ёлупам раней, чым яны пра яе здагадаюцца. Вам патрэбная праўда? Дык вось бярыце яе, я прымаю ваш выклiк. Каб не дапусцiць крывадушных усмешак, я лепей сам зраблюся ўсеагульным пасмешышчам. Увогуле, я i тут перш за ўсё стараўся пазбегнуць прысуду. Я хацеў перацягнуць гэтых кплiўцаў на свой бок цi, прынамсi, спадзяваўся сам стаць побач з iмi. Я марыў пра тое, як буду штурхаць на дарозе сляпых, i па глухой, нечаканае радасцi, якая нараджалася ў мяне ў душы, пачынаў усведамляць, як я iх ненавiджу. Я рабiў планы, як буду праколваць шыны ў iнвалiдных калясках, як буду крычаць: "Смярдзючыя дурнi!", стоячы пад рыштаваннем, на якiм працуюць рабочыя, як надаю па карку жаўтаротым сысункам у метро. Але ўсё гэта былi толькi мары, якiя нiколi не спраўджвалiся, а калi мне i выпадала рабiць што-небудзь падобнае, то я адразу пра ўсё забываў. Тым не менш, ужо адно слова "правасуддзе" даводзiла мяне да лютасцi. Я па-ранейшаму быў вымушаны карыстацца iм у сваiх адвакацкiх прамовах. Але пасля - помсцiў за гэта, публiчна аблiваючы брудам усю сутнасць чалавечай справядлiвасцi. Я нават абвясцiў, што збiраюся выдаць манiфест, у якiм пакажу ўсю паднаготную прыгнечаных, якiя самi прыгнятаюць сумленных людзей. А аднойчы, калi я ласаваўся лангустам на тэрасе адкрытага рэстарана, да мяне прычапiўся жабрак. Ён мне так назаляў, што нарэшце я мусiў папрасiць гаспадара, каб ён выгнаў задрыпанага галадранца.
|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|