Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 75 из 117

Абвiнавачваць сябе трэба ўмець, гэта трэба рабiць адмысловым спосабам, i, каб выпрацаваць яго, мне спатрэбiлася нямала часу. Калi ж нарэшце я яго знайшоў, аказалася, што ўсе мяне ўжо даўно пакiнулi. А пакуль iшлi пошукi, смех нястомна гучаў вакол мяне, i мае хаатычныя намаганнi не маглi пазбавiць яго той добразычлiвай i амаль што пяшчотнай ноткi, якая болем працiнала мне сэрца.

Але па-мойму, пачынаецца прылiў. Значыць, хутка наш параход паплыве назад. Вось дзень i канчаецца. Зiрнiце, галубы зноў збiраюцца ў небе. Яны туляцца адзiн да аднаго i амаль не варушацца. А сонца пацiху гасне. Давайце памаўчым i пацешымся гэтай змрочнай карцiнай. Вы не хочаце? Ах, вам цiкава, што было далей! Вы вельмi прыязны. Але я, можа быць, рызыкну зацiкавiць вас яшчэ больш. I раней як растлумачыць, хто такi суддзя-пакаяльнiк, раскажу сёе-тое пра распусту i ўстрыманне.

Вы памыляецеся, шаноўны, наш параход плыве, i даволi хутка. Але Зэйдэрзее - мёртвае мора цi - амаль што мёртвае. Яго роўныя берагi схаваны ў тумане, i невядома, нi дзе яно пачынаецца, нi дзе канчаецца. Мы плывём i плывём, i воку няма за што зачапiцца - мы не заўважаем сваёй хуткасцi. Нiчога не мяняецца вакол, хоць мы ўвесь час рухаемся наперад. Гэта не плаванне - гэта сон.

На грэчаскiм архiпелазе мяне агортвала зусiм iншае пачуццё. На даляглядзе бесперастанку ўзнiкалi новыя выспы. Iх бязлесыя хрыбты выразна акрэслiвалi мяжу неба i сушы, скалiстыя берагi рэзка ўклiньвалiся ў мора. Нiякай расплывiстасцi, у зыркiм дзённым святле ўсё тут было арыенцiрам.

|< Пред. 73 74 75 76 77 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]