Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 77 из 117

I таму жанчыны узнагарода i падтрымка - не ваяўнiку, о не, - злачынцы. Жанчыны яму - цiхi порт, прыстанак, i не дзiва, што менавiта ў жаночым ложку яго часцей за ўсё i арыштоўваюць. Дый цi не жанчына - адзiнае, што нам засталося ад зямнога раю? Вось i мяне, заблуднага i разгубленага, прыбiла да гэтай апошняй гаванi. Цяпер я не казаў доўгiх прамоў. Я часам яшчэ гуляў, па звычцы, але выдумкi мне бракавала. Баюся вам прызнацца, бо не хачу казаць пахабных слоў, але ў той час я ўпершыню, бадай, адчуў патрэбу пакахаць i быць каханым. Агiдна, праўда? Але ж я сапраўды пакутаваў, мяне апанаваў няясны сум, маёй душы чагосьцi не ставала, i гэта навяло мяне на думку, што я нiкому не патрэбен. I тады цi то прымушаючы сябе, цi то - праз цiкаўнасць, я вырашыў узяць на сябе пэўныя абавязкi. Якiя? Я ж адчуваў патрэбу ў каханнi - вось я i палiчыў сябе закаханым. Iначай кажучы, я зрабiў глупства.

Я пачаў заўважаць, што часта задаю пытанне, якога раней, як чалавек спрактыкаваны, заўсёды пазбягаў. Я пытаўся: "Ты мяне кахаеш?" Вы, безумоўна, ведаеце, як прынята адказваць у такiм выпадку: "А ты?" I калi я адказваў: "Кахаю", - я, зразумела, перабольшваў свае сапраўдныя пачуццi. А калi адважваўся сказаць: "Не", - рызыкаваў страцiць каханне маёй сяброўкi, i гэта мяне мучыла. Чым большая небяспека пагражала пачуццю, у якiм я спадзяваўся знайсцi супакаенне, тым з большаю настойлiвасцю я дамагаўся яго ад сваёй партнёркi. Гэта прымушала мяне даваць сама пераканаўчыя абяцаннi, i я патрабаваў ад свайго сэрца ўсё глыбейшага пачуцця.

|< Пред. 75 76 77 78 79 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]