Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 76 из 117

I хоць наш маленькi караблiк ледзь пасоўваўся мiж выспаў, у мяне ўзнiкала ўражанне, нiбы я iмклiва лячу ў шуме смеху i пенiстых хваляў. З той пары сама Грэцыя нястомна плыве ўва мне, на краi маёй памяцi... Го! Ды я ўжо, гляджу, таксама паплыў раблюся лiрычны! Што ж гэта вы, шаноўны, - спынiце мяне, прашу вас.

Дарэчы, вы ведаеце Грэцыю? Не? Тым лепш! Ну скажыце, што б мы там рабiлi? Каб жыць у Грэцыi, трэба мець чыстае сэрца. Вы можаце сабе ўявiць, што сябры там ходзяць па вулiцах парамi, трымаючы адзiн аднаго за руку. Праўда-праўда! А жонкi сядзяць дома i глядзяць, як iх самавiтыя, вусатыя мужы шпацыруюць па ходнiках, сплёўшы пальцы з пальцамi сябра. На Ўсходзе такое таксама можна ўбачыць? Дапускаю. Але, скажыце, адважылiся б вы ўзяць мяне за руку на парыжскiм праспекце? Я жартую, вядома. Мы прыстойныя людзi - брудныя думкi прымушаюць нас трымацца напята. Таму - раней чым паехаць на грэчаскiя выспы, нам давядзецца доўга адмывацца. Паветра там цнатлiвае i празрыстае, мора i радасць - чыстыя, як сляза. А мы...

Давайце прысядзем на гэтых шэзлонгах. Ну i туман! Дык я, па-мойму, хацеў вам нешта расказаць пра ўстрыманне? Зараз вы пачуеце, што я меў на ўвазе. Доўга змагаючыся сам з сабой i страцiўшы ўсю сваю сiлу i самаўпэўнены выгляд, я нарэшце пераканаўся ў бясплённасцi сваiх намаганняў i вырашыў пакiнуць чалавечае грамадства. О не, я не кiнуўся шукаць бязлюднай выспы - iх даўно ўжо няма. Я проста знайшоў сабе прытулак у жанчын. Вы ж ведаеце, яны нiколi па-сапраўднаму не ганяць нас за слабасць, наадварот - яны хутчэй здольны пастарацца прынiзiць нашую сiлу цi абяззброiць нас.

|< Пред. 74 75 76 77 78 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]