Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 80 из 117

Цi не гэтая мара была сутнасцю маёй натуры i вынiкам маёй любовi да сябе? Ды я проста памiраў ад жадання жыць вечна! Я занадта сябе любiў, каб пагадзiцца, што аб'ект маёй любовi можа некалi знiкнуць назаўжды. Але на цвярозую галаву, як бы кепска я сябе нi ведаў, мне было ўсё-ткi цяжка знайсцi разумныя довады, якiя б гарантавалi бессмяротнасць такой пажадлiвай малпе, як я. Заставалася - знайсцi хоць бы сурагат такой бессмяротнасцi. I вось, прага да вечнага жыцця штурхнула мяне да прастытутак, я пачаў пiць, пiць штоноч. Ранкам, вядома, як i кожнаму смяротнаму, мне дзёрла горыччу глотку. Але доўгiмi начнымi гадзiнамi я быў на вяршынi шчасця. Можа быць, у гэтым сорамна прызнавацца, але i цяпер я з пяшчотай прыгадваю тыя ночы, калi спяшаўся ў змрочны прытон на спатканне з адной танцоўшчыцай стрыптызу, якая адорвала мяне сваiмi ласкамi. Аднойчы я нават пабiўся за яе гонар з занадта выхвалястым сутэнёрам. Цэлыя ночы я прастойваў каля стойкi пад пыльным чырвоным святлом гэтага цёплага месцейка, хлусiў, як наняты, i ўсё пiў, пiў. Я чакаў свiтання, каб нарэшце апынуцца ў вечна не засланым ложку маёй мiлай прынцэсы, якая машынальна аддавалася ўцехам i потым спала непрабудным сном. Днела, сонца пацiху асвятляла бязладны кавардак у пакоi, i, нерухомы, я ўздымаўся на ранiшнiх промнях славы.

Чаго таiць, выпiўка i жанчыны давалi мне тую адзiную палёгку, якой я i быў варты. Я адкрываю вам гэты сакрэт, мiлы дружа, каб вы без боязi маглi iм скарыстацца. Вы самi пераканаецеся, што сапраўдная распуста вызваляе чалавека, яна не патрабуе ад яго нiякiх абавязкаў.

|< Пред. 78 79 80 81 82 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]