Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 78 из 117

Кончылася тым, што я загарэўся ўяўнаю страсцю да адной чароўненькай дурнiчкi, якая так начыталася любоўных гiсторый, што гаварыла пра любоў з iмпэтнай перакананасцю iнтэлiгента, якi абвяшчае бяскласавае грамадства. Гэта даволi заразлiвая ўпэўненасць, тут мы спрачацца не будзем. Вось i я - таксама паспрабаваў загаварыць пра каханне i нарэшце пераканаў сябе, што яно ў мяне ёсць. Гэтае пачуццё жыло ўва мне, прынамсi, да таго дня, калi яна зрабiлася маёю каханкай i я зразумеў, што любоўная лiтаратура хоць i навучыла яе гаварыць пра любоў, але зусiм не навучыла ёю займацца. Сталася так, што, пакахаўшы прыгожанькага папугайчыка, я мусiў спаць з халоднай змяёй. Такое становiшча мяне не задавальняла, i я пачаў шукаць у iншым месцы каханне, абяцанае мне ў кнiгах, але нiколi не сустрэтае ў жыццi.

Але мне не ставала натхнення. Я больш за трыццаць гадоў любiў толькi сябе. Як жа было цяпер пазбавiцца ад такой звычкi? Натуральна, я быў на гэта не здольны. Я адно млява намагаўся распалiць у сабе страсць, усё шчадрэй раздаваў абяцаннi, кахаў адначасова некалькiх жанчын - як у былы час меў некалькi любоўных сувязей адразу. Але цяпер, бадай, прыносiў жанчынам болей гора, чым раней, калi ставiўся да iх зусiм абыякава.

|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]