Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
155 из 256
Але на чацвёрты дзень яны пераправiлiся цераз Серабрыстую раку i паднялiся на хрыбет Белых гор. Хрыбта такой вышынi не было ва ўсiм Муск-о-гi; востры, як брытва, ён выцягнуўся з усходу на захад як кiнуць вокам. Гэта быў межавы хрыбет, якi адразаў Муск-о-гi ад пустынных участкаў на поўначы. Залазячы на гэты хрыбет, Мэрэй двойчы губляў арыенцiры, i толькi калi дабраўся да самай вяршынi, ён зноў вызначыў напрамак.
Там, наверсе, перад iмi паўстала зусiм новая для iх краiна, не падобная на iхнiя ўчасткi. Пазiраючы на яе з радасцю i хваляваннем, Рой зразумеў, чаму яе называюць краiнай Срэбных Даляраў.
- Глядзiце, якiя азёры! - захоплена ўсклiкнуў ён. - Вось гэта краiна! Я ўздымаўся на гэты хрыбет на ўсходзе, але такога яшчэ не бачыў. Тут усё не такое. Зусiм не такое.
Сапраўды, гэта не было падобна на нагрувашчванне невысокiх аднастайных хрыбтоў Муск-о-гi, гэта была краiна кантрастаў. Тут былi i адгор'i, i высокiя пiкi, i глыбокiя далiны. Былi i плато, якiя выцягнулiся вузкiмi палоскамi памiж гор, пляскатыя i гладкiя, яны таксама былi ўсеяны азёрамi i сасновымi лясамi. У параўнаннi з больш мiрным пейзажам Муск-о-гi тут ўсё было ўздыблена i скручана. Лясы, яшчэ не кранутыя сякерай, цёмныя гушчары i побач ззялi на сонцы здраднiцкiя снежныя схiлы.
- Яно мо i прыгожа, - сказаў Мэрэй, - але на такiм схiле сам чорт галаву скруцiць. А зараз, калi яны заледзянелi, на iх i нам можна галаву зламаць. Бачыш лес на тым баку плато? - спытаў Мэрэй у Роя.
Рой зiрнуў цераз два хрыбты i плато на густы сасновы лес.
|< Пред. 153 154 155 156 157 След. >|