Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
157 из 256
Пры згадцы пра пушных абходчыкаў Зел напусцiў на сябе абыякавасць.
- Колькi мiль адсюль да блiжэйшага кардона? - спытаў ён у Мэрэя.
- Каля паўтары сотнi, - адказаў Мэрэй. - Не тое, каб пастаянны пост, а проста ўкрыццё для леснiкоў.
- I наогул больш верагоднасцi сустрэць тут леснiкоў, а не пушных абходчыкаў, - сказаў Рой. - Тут ёсць што аберагаць. Якi лес!..
Вакол iх узвышалiся каланады адвечных соснаў. Дрэвы такiя вялiкiя, што стаяць даволi рэдка, хоць лес здалёку здаваўся вельмi густым. Пад нагамi снегу мала, ён, вiдаць, яшчэ не паспеў прабiцца праз густую хвойную страху. Цёмна, спакойна, цiха.
У далёкiм канцы гэтага лесу, на ўскраiне плато, сярод вялiкiх дрэў схавалася маленькая хацiна Мэрэя. Яны выявiлi яе, толькi калi падышлi зусiм блiзка, бо так удала схаваў яе Мэрэй сярод соснаў. Яна была замаскiравана вялiзнымi нiжнiмi галiнамi, якiя хавалi i страху i сцены. Мела яна пятнаццаць на пятнаццаць футаў. Уваходзячы ў дзверы, давялося моцна нагнуцца.
- I колькi часу ты яе будаваў? - здзiўлена спытаў Рой, гледзячы на прамыя, цесна падагнаныя сцены, звонку абмазаныя глiнай i непадуладныя ветру.
- Амаль усё лета, - адказаў Мэрэй, - i палову восенi.
- Дык вось чым ты займаўся! Лавiў тут дзiчыну i будаваў таемныя хацiны! сказаў Рой.
Увайшоўшы ўнутр, ён агледзеўся i дастойна ацанiў майстэрства Мэрэя. Ён быў лесавiк ад нараджэння, i ўсякая лясная справа iшла спорна. У хацiне было нават акно i складзена прымiтыўная печ: ахвочы да камфорту Рой нават не чакаў такога.
|< Пред. 155 156 157 158 159 След. >|