Паляыничы (на белорусском языке)   ::   Олдридж Джеймс

Страница: 41 из 256

Сабакi - гэта добра, Рой i сам на iх ездзiў, але гэта толькi для сур'ёзнага палявання, а не для прагулкi ўдвух на нейкiя там два тыднi. Пiт проста адпачываў у лесе ад свайго клопату спадчыннага крамнiка, крамнiка ў трэцiм пакаленнi.

- Налiць яшчэ? - Дзюкэн узяўся за бутэльку.

Рой пакруцiў галавой i адным рыўком адарваў сваё дужае цела ад стала.

- Пайду паталкую з iнспектарам, - сказаў ён, i не паспеў Дзюкэн запярэчыць, як яго i след прастыў.

Iнспектар жыў у казённым доме, збудаваным у казённым стылi, квадратным двухпавярховым доме без усялякага намёку на архiтэктурныя ўпрыгожаннi. Адзiнай уступкай эстэтыцы быў маленькi ганак, якi разам з дошкай для аб'яў i вызначаў воблiк дома. Рой зiрнуў на плакаты, якiя матлялiся на дошцы. "Аберагайце багаццi прыроды i прыгажосць вашага лесу!" - прачытаў ён гучна, смакуючы паэтычнасць афiцыйнай мовы. "Сто гадоў трэба вырошчваць яго, а знiшчыць можна за хвiлiну. ПАКIДАЮЧЫ ЛЕС, ПАТУШЫЦЕ КАСЦЁР!". I гэта яму спадабалася.

- Хэло, Мак-Нэйр, - прывiтаў яго iнспектар, ледзь толькi той адчынiў дзверы. - Я збiраўся ўжо выходзiць.

- У абход, iнспектар? - спытаў Рой.

- Абход я рабiў учора, - адказаў iнспектар.

- Як жа вы не сустрэлi мяне? - сказаў Рой.

- Прыйдзе час, сустрэну, - суцешыў яго iнспектар.

Рой засмяяўся.

- Калi вы адыходзiце, я зазiрну iншым разам.

- Не. Заходзьце. Пазней вы будзеце моцна п'яны, каб дабрацца да мяне, iнспектар зачапiў за сама балючую струну, i Рой падумаў, што iнспектар iграе несумленна.

|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]