Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
74 из 256
Гэта былi вялiкiя канадскiя лясы, i чым вышэй Рой уздымаўся па возеры Т, тым шчыльней яны абступалi яго. Калi дождж сцiх i неба пасвятлела, перад iм узнiклi знаёмыя скалы, дрэвы i хрыбты. Яны так выразна адбiлiся ў яго галаве, што ён нават не ўсведамляў, што бачыць iх, i ўсё адно кожны раз знаходзiў нешта новае, асаблiва калi вяртаўся з Сент-Элена.
- Ты прыкмецiў, што сасна i елка абганяюць бярозу, - сказаў ён Скоцi.
Яна знаходзiлiся на памежжы асновы i перакладзiны лiтары Т. Насупраць iх, за сама шырокiм плёсам, быў круты схiл хрыбта, якi цягнуўся па самым беразе на тры-чатыры мiлi. Яны добра бачылi лес па ўсiм схiле, лес, спаласаваны раз'юшанасцю лесаруба i агню.
Гэта быў маладняк на высечках, найбольш густыя зараснiкi моцнай бярозкi, ужо аголенай блiзкай зiмой. Бярозы ярка бялелi на фоне чорнай зямлi, скал, што прыпiралi iх да схiла. Але якiм частым нi быў узор бяроз, цёмна-зялёныя верхавiны пiхты i елкi станавiлiся ўсё больш шматлiкiмi. У барацьбе за сонца памiж маладымi бярозкамi i хваёвымi дрэўцамi марудлiвыя ў росце хваёвыя ў рэшце рэшт бралi верх. Рой ведаў, што яны перамогуць бярозу. Хутка ўся акруга зноў стане хваёвым лесам, калi толькi апантаныя лесарубы альбо шалёныя пажары не знiшчаць увесь хваёвы маладняк.
- А што я табе заўсёды кажу, Рой, - прамовiў Скоцi. - У лесе ўсё мяняецца. Тое, што часова знiкае, пазней вяртаецца зноў. Звер таксама вернецца, як i гэтыя пiхты.
Рой задзёр галаву i засмяяўся.
- З цябе атрымаўся б добры святар, Скоцi.
- Не разумею, чаму гэта заўсёды ўзбрыдзе табе ў галаву, - сказаў Скоцi.
|< Пред. 72 73 74 75 76 След. >|