Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
95 из 256
Гэта была не жорсткасць, гэта быў закон жыцця. Часам Рой усё ж умешваўся, часам ён уключаў сябе альбо сваё ружжо ў гэты працэс, проста, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца, але нават i тады гэта было толькi развiццё працэсу, яго праверка. У астатнiм Рой захоўваў найстражэйшы нейтралiтэт. Часам жорсткасць таго, што адбывалася ў лесе, абурала яго, але ён нiколi не караў аднаго звера за жорсткасць у адносiнах да другога. Гэта было б таксама праявай жорсткасцi, яго жорсткасцi, а ён не хацеў быць жорсткiм. Ён забiваў мядзведзя, калi той нападаў на яго, аленя - калi патрэбен быў харч, бабра - за тое, што яго скурка патрэбна яму; але забойства дзеля забойства было яму агiдна. I не менш агiдным было б для яго забойства на правах нейкай боскай асобы, якая абвясцiла адных жывёл добрымi, другiх - дрэннымi, адных невiнаватымi, другiх вiнаватымi. Для Роя гэта было б адзнакай сама неверагоднай абстрактнай жорсткасцi, i менавiта ў гэтым быў сэнс яго маўклiвай спрэчкi са Скоцi Малькольмам.
Скоцi Малькольм быў iдэалiст, ён верыў, што iснуе агульнаабавязковы для ўсiх прынцып дабра i зла, што дабро i зло iснуюць на свеце, проста iснуюць, iснуюць як вышэйшы закон. Для Скоцi ўвесь жывёльны свет быў страшным асяроддзем, жорсткiм i злачынным кругаваротам: забi, каб не быць забiтым; працэсам, якi па самой сваёй сутнасцi заганны, заганны ў цэлым i ва ўсiх сваiх частках. Кожны раз, калi гэтага патрабавала яго пачуццё дабра i зла, Скоцi ўмешваўся ў гэты працэс.
|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|