Паляыничы (на белорусском языке) :: Олдридж Джеймс
Страница:
96 из 256
Ён забiваў саву, калi бачыў, што яна нападае на зайца; ён вызваляў муху з павуцiны i забiваў павука; ён забiў ласку, бо яна палявала за дробнымi мышамi. Ён не задумваючыся караў вiнаватых, бо дакладна ведаў, што добра i што дрэнна. Ён гэта ведаў, пакуль не сутыкнуўся з супярэчнасцямi, якiя ўзрушвалi яго. Сёння ён мусiў забiць ласку, бо яна напала на мышэй, але ж заўтра ён, магчыма, будзе вымушаны забiць лiсу, якая пагонiцца за ласкай.
Рой не пераставаў выкрываць гэтае слабае месца ў яго тэорыях, але Скоцi заўсёды пачынаў талкаваць пра жорсткасць, апраўданую i неапраўданую. Ён сцвярджаў, што некаторыя жывёлы горшыя за iншых i таму iх трэба вучыць. Гэта прыводзiла Скоцi да прызнання, што некаторых жывёл ён ненавiдзiць i пагарджае, а iншых паважае як узор прыстойнасцi i добрых паводзiн. Ён усiх лясных звяроў надзяляў чалавечымi якасцямi: жорсткасцю, вернасцю, ахайнасцю, стараннем альбо знарочыстай подласцю. Жывёл, якiя яму падабалiся, ён забiваў неахвотна. Тых, якiх ненавiдзеў, забiваў з задавальненнем. Ён ненавiдзеў норку, таму што норка, гэтаксама як i ласка, была сама пражорлiвым з маленькiх драпежнiкаў лесу. Скунс яму падабаўся сваёй храбрасцю, мядзведзь тым, што ён прасцяк, янот тым, што ён чысцюля, бабёр - як выключны разумнiк; але лiсой ён грэбаваў за яе хiтрыкi, ваўка не любiў за бязлiтаснасць, вавёрку за надакучлiвасць, кунiцу за тое, што яна абкрадвала яго пасткi. У яго была тэорыя, што сама пакорлiвыя насельнiкi лесу - сама жывучыя i таму яны перажывуць драпежнiкаў i заселяць зямлю.
|< Пред. 94 95 96 97 98 След. >|