Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 9 из 453

І аблічча ў яго было тое, што ў кепскіх раманах называюць «артыстычным»: просты нос, бліскучыя цёмныя валасы, глыбока пасаджаныя немалыя вочы…

Я любіў яго. ён быў мой друг.

Слухай, Антось. Мяне, напэўна, хочуць забіць.

Мне здалося, што я недачуў.

— Так. Забіць.

— І варта, — сказаў я. — Такую святую Барбару ўпусціць, аддаць у рукі гэтаму гандляру ад калекцыянерства. Мілюціну Эдзьку.

— Я не жартую, Антось.

Толькі тут я зразумеў, чаму ён сёння «не той». На ягоным абліччы, звычайна такім паблажлівым і сардэчным, сяброўскім і ад прыроды добрым, ляжаў цень. Цень сталай трывогі, той, што ані на хвіліну не адпускае, гняце, цісне, задушвае ўвесь час сэрца. Нямоцна, але ўвесь час. І я адразу паверыў яму, бо такі твар у чалавека бывае толькі тады, калі справа сур'ёзная.

— Ну што ты мне тут смалякі пляцеш? — сказаў я.

— Ты маю Кнігу ведаеш.

Кожную сваю новую кніжную знаходку ён называў з націскам «Кніга!».

— Тыя тры. Пераплеценыя.

— Ну, бачыў. Год яна ў цябе.

Год і два месяцы… Ну… вось за яе.

Я невыразна помніў тую кнігу. Тры кнігі памерам у аркуш, узятыя ў адзін пераплёт з рудой скуры канца XVI стагоддзя. Ні густу, анічога. А кнігі, сапраўды, дужа каштоўныя, толькі які ёлуп іх сабраў пад адной вокладкай: «Евангелле» 1539 года, выдадзенае накладам князя Юр'я Сямёнавіча Слуцкага, ды тут жа «Евангелле» Цяпінскага, ды да яго прышмараваны «Статут» 1580 года выдання, той, што пад даглядам Льва Сапегі рабіўся.

Тры кнігі, пераплеценыя ў адзін пераплёт нейкім варварам. Каштоўныя кнігі.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]