Страница:
8 из 453
Калекцыянер амаль неверагодна абазнаны і ўзброены найглыбейшымі ведамі, беспамылковым густам, сабачым нюхам на фальшывае і сапраўднае, сталёвай інтуіцыяй і чуццём на падробкі.
* Галоўны над архівам (старабел.).
Мы з ім любім адзін аднаго. Ён ледзь не адзіны чалавек з вучонага свету, які не ставіцца іранічна да маіх гісторыка-крымінальных росшукаў. А я люблю ягоныя бясконцыя апавяданні аб рэчах, паперах, пячацях, манетах і ўсім такім іншым.
Абодва мы кавалеры (ад яго пайшла жонка, пусценькі коцік — актрыса), абодва ў вольны час ловім рыбу і спрачаемся, абодва прымаем адзін аднаго такімі, якія мы ёсць.
І вось менавіта таму, што я ведаю яго, як сябе, я адразу сёння заўважыў, што ён не той, не такі. З пытаннямі, аднак, лезці не стаў.
З апарата якраз забубніла, запырхала, палілася ў хмарках пары чорная, ільсняная на выгляд кава.
— Вып'еш?
— Хіба вадой развёўшы? — выгляд у яго быў вінаваты і беспарадны.
Разбаўляць такую раскошу вадой — гэта было злачынства, але я не пратэставаў: у Мар'яна нядаўна быў мікраінфаркт.
— Нельга мне, — сказаў ён. — А зусім без яе не магу.
Хутка ў наш час зношваюцца людзі. Паспытаў Маўтхаўзена і яшчэ сяго-таго. Дзіва, што такое сэрца ў сорак год.
…Ён трымаў філіжанку доўгімі пальцамі і больш нюхаў, чым піў, і ноздры ягоныя трапяталіся ад асалоды, як у Адама ля забароненага дрэва.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|