Страница:
109 из 453
Алегэта маглі быць звычайныя барыгі, якія падсачылі ад'езд вашага сябра і скарысталіся з яго.
— Яны шукалі кнігу.
— Магчыма. Але нават калі гэта так, нават калі яны цьмяна ведалі пра адкрытую вамі таямніцу, нават калі яны і вы сутыкнуліся на адным шляху да яе — гэта не мае адносін да смерці Пташынскага. Гэта выпадак, супадзенне. Паверце, экспертыза была дужа старанная. Аб гэтым паклапаціліся, верце мне. У яго было страшэнна хворае сэрца. Ён мог пражыць яшчэ гады, а мог і памерці кожны дзень. І таму Шчука, мабыць, будзе далей весці следства па справе ўзлому, але нікому з іх няма справы да таго, што сёння адкрылі вы.
Закурыў.
— Ну як вам растлумачыць. Ну вось ёсць звесткі, што ў Кладна недзе схаваны архіў айнзацштаба. Ведаеце, што гэта такое?
— Ведаю. Ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей.
— Правільна. Закапаў нехта Франц Керн з іншымі. Вось гэта справа людзей, якіх я калісь добра ведаў. А падзеі амаль чатырохсотгадовай даўнасці — гэта справа не наша. Ты б яшчэ папрасіў расследавання справы забойства Напалеона.
— І папрасіў бы. Рабілі ж аналіз ягоных валасоў на мыш'як. У сучаснай следчай лабараторыі. Выявілі: быў атручаны.
— Ну гэтую паслугу і я табе магу зрабіць. Што табе трэба?
— Зрабіць аналіз чарніла. Прагледзець кнігу ў інфрачырвоных праменнях. Ну і іншае там. Поўны агляд.
— Гэта — чаму не зраблю. Па-сяброўску. Чаму не памагчы? Дый увогуле цікава. А астатняе — ты адкрыў, ты і рабі.
|< Пред. 107 108 109 110 111 След. >|