Страница:
111 из 453
І гэтае адмаўленне загадзя ад невырашальнай задачы не сведчанне бяссілля, а сведчанне ўсемагутнай сілы чалавечай логікі.
— Што ж, біце на ўсемагутнасць. Прызнацца, крыху зайздрошчу.
— Ну вось, — сказаў я. — Зараз пайду высыпацца.
— «Разбуди, когда раскинет ветви по-весеннему наш старый сад», — змрочна сказаў ён.
За акном была абрыдлівая красавіцкая слата.
…Я адчыніў дзверы і адразу адчуў, што ў маёй кватэры нехта ёсць. Скінуў туфлі і прайшоў у кабінет. Так і ёсць: саладкаваты цыгарэтны пах.
На канапе, падкурчыўшы пад сябе прыгожыя ногі, сядзела і грэла рукамі ступні жанчына.
— Зоя?
— Ну так, ты не чакаў?
— Даўно?
— Бачыш, толькі зайшла. Ногі пакалелі.
Я прынёс з кладоўкі халат і накінуў ёй на ногі.
— Дзякуй. Я столькі хадзіла па гэтай слаце. Столькі хадзіла.
Дзіўны быў у яе выгляд. Нібы накапала ў вочы беладоны. Зрэнкі вялізныя-вялізныя, спыненыя. Вусны белыя, нібы яна падціснула іх. Я спачатку быў спалохаўся.
— Што з табою?
— Нічога. Ты хочаш спытаць, нашто я тут? Ды бачыш, прыпаўзла. Знаеш, як не дужа разумныя сабакі. Разумныя ідуць па апошняе ў лес. Я толькі каб аддаць табе ключ. Унь ён, на століку.
— А я пра яго і забыўся, — шчыра сказаў я. — З'есці чаго хочаш? Выпіць?
— Не трэба нічога.
Яна змоўкла.
— Слухай, — сказаў я, — казаў жа я табе, кінем гэта. Заставайся — і ўсё. Толькі шчыра — чуеш? — шчыра ўсё скажам яму.
— Ды не, — амаль бязгучна сказала яна. — Права не маем. Права не маю.
|< Пред. 109 110 111 112 113 След. >|