Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 328 из 453



Я быў прыемнаўражаны. Хораша разважаў чалавек.

А пасля яны чамусьці разгаварыліся, ён і госці, і дамовіліся назаўтра ісці разам лавіць рыбу і дзеля гэтай мэты ўстаць аж а палове трэцяй, за гадзіну да ўзыходу сонца.

— Чорт, нязручна, — сказаў Адам, — можа, у вас са Станіславай на нас нейкія планы ёсць.

Я, шчыра кажучы, узрадаваўся, што яны не будуць сведкамі апошняга дня нашых бясплодных патугаў і намаганняў, нашага бясслаўнага паражэння. І таму я схлусіў і за Сташку і за сябе:

— Ды аніколькі. У нас заўтра іншыя планы. Тут трэба да аднаго дзядзькі схадзіць ды паглядзець. У яго зберагліся газеты і часопісы часоў акупацыі.

— Вельмі цікава, — сказаў Высоцкі.

— А пасля… ну, трэба тут курганны могільнік адзін стары агледзець. Не дужа далёка адсюль.

— Тым лепей, — суцешыліся наваяўленыя тры мушкецёры ад рыбнай лоўлі.

І ў гэты час нашу толькі што народжаную ідылію парушыў чалавек, які ўвесь гэты час толькі і рабіў, што блытаўся ў мяне пад нагамі.

Людзвік Лапатуха наблізіўся ад вёскі і сеў на ўзгорачку метрах у дванаццаці ад нас. І адразу пачаў свой канцэрт. Толькі на гэты раз не такі поліфанічны, як заўсёды.

— Адыдзіце… Ізыдзіце… Мой дом — мая крэпасць… Звяры… Каты… Ва ўсіх вас… Усе вы тычкамі* мечаныя. Тычкамі вылюдкаў роду чалавечага. Нічога… Загінеце… Скора, скора і на вас час прыйдзе.

* Радзімка, мета, кляймо.

«Той?» — позіркам спытаў у мяне Лыганоўскі.

Я моўчкі схіліў галаву.

|< Пред. 326 327 328 329 330 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]