Страница:
329 из 453
І тут псіхіятр упершыню мяне здзівіў. Першы раз у жыцці быў я сведкам таго, як па-сапраўднаму трэба размаўляць, як бясхібна трэба паступаць з разумова пашкоджанымі людзьмі.
Лыганоўскі ўстаў, цвёрда, але няспешна падышоў да Лапатухі, увесь час гледзячы яму ў вочы. І сеў крыху ніжэй, так, каб гэтыя вочы бачыць. І загаварыў нешта ціха, спакойна і разважліва. І глядзеў, глядзеў, нібы «навяваючы», як славутыя гіпнатызёры або старыя бабулі-варажбіткі, якія часам валодалі гэтым гіпнозам мала чым горш за Месінга.
Дзіўна, істэрычныя ноткі ў голасе Лапатухі зніклі; ён цяпер гаварыў таксама ціха і амаль спакойна. Іерэміяда саступіла месца спакойнай бяседзе, спакойным рухам рук лекара і хворага. І рукі гэтыя па чарзе клаліся то на калена, то на плячук партнёра.
На нашых вачах рабілася чарадзейства. Мы прыціхлі, як ашаломленыя тым дзівам, сведкамі якому былі.
А хвілін праз сорак Лапатуха ўстаў, паціснуў лекару далонь і сказаў амаль спакойным, амаль нармальным тонам:
— З паняццем вы чалавек. З разуменнем… Але тут трэба сцерагчыся і разумным. Зямля заражоная. Я вось таксама быў неледаўчоны*, а што я цяпер?
* Неледаўчоны — някепска вучоны.
Махнуў рукою і пайшоў. Не звычайнай, крыху развінчанай, а досыць цвёрдай, стрыманай паходкай. На паваротцы павярнуўся, памахаў рукою, знік.
Лыганоўскі ўздыхнуў, падышоў і сеў каля нас.
— Ну як? — спытаў я.
|< Пред. 327 328 329 330 331 След. >|