Страница:
330 из 453
Лекар паціснуў плячыма, памаўчаў пару хвілін і, абводзячы нас вачыма, пачаў гаварыць:
— Не трапіў ён у мае рукі з самага пачатку. Даўно быў бы здаровы. А так адносіны з астатнімі людзьмі не зусім нармальныя, падзеі мясцовыя. Ну, але час сваё бярэ. Цалкам магчыма, што праз пэўны адрэзак часу ён зробіцца амаль нармальным чалавекам… Ва ўсякім разе, на шляху да гэтага.
— Ды што з ім такое? — спытаў Ганчаронак.
— Гісторыю яго вы ведаеце. Страшная гісторыя… Ну і ён, кажучы папулярна, каб зразумелі, узвёў вакол памяці нібы ахоўны мур. Не хоча ўспамінаць мінулае. Небяспечна. Многія людзі ў такіх выпадках начыста забываюць мінулае жьццё. Наступае так званая амнезія. Словам, калі ў такіх не аднаўляецца памяць, — лічы, усё згублена. Як правіла, забываюць нават імя. З самага пачатку было дзіўна, што гэты тое-сёе памятае… І гэта тое-сёе аднавілася ў яго прыблізна праз месяц пасля трагедыі… Але ён усвядоміў, што ён не ўсё помніць, не ўсё хоча помніць. І ў гэтым сэнсе адчуў сябе крыху раскутым: паспрабуйце вазьміце вы мяне, не зусім нармальнага, голымі рукамі.
— Але ж усякае часам помніў, — сказаў Хілінскі.
— Так. Для яго ўспамінаць — агіда і фізічны боль. І, аднак, у свядомасці, ва ўсведамленні зберагліся астраўкі і такой памяці. Унутраныя і для ўнутранага ўжывання. І, аднак, гэта не сімуляцыя вар'яцтва, прыдуркаватасці, дэзарыентацыі ў паўсядзённым вопыце… Гэтага падрабіць нельга… Нельга падрабіць, скажам, што абутак зняць не можа. Такое можа быць толькі з сапраўды псіхічнахворымі. А гэты — не.
|< Пред. 328 329 330 331 332 След. >|