Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 46 из 453

«Павялі» нават беларускі том«Жывапіснай Расеі», нягледзячы на гіганцкія памеры. Калі нехта «пазычыць» і гэта — будзе кепска. Як тады глядзець Пташынскаму ў вочы і ў каго свае вочы пазычыць. А такіх ахвотнікаў на «позаимствование без срока» ў нас усё болей і болей. І нават суда на іх няма, гадаў.

Я схаваў кнігу, зачыніў тайнік. І добра зрабіў. Бо адразу заліўся дзвярны званок, і з'явілася «мая былая любоў» Зоя Пярэрвенка ўласнай персонай. З'явілася, пасля таго як два месяцы носа не казала, і я ўжо думаў, што не зойдзе ніколі.

Пакуль я ставіў — на столік бутэльку «Немеш кадара», яблыкі і яшчэ сёе-тое, пакуль уключаў ніжняе святло і гасіў верхняе, мы абмяняліся не больш чым дзесяткам стандартных сказаў: як жыццё, што там да чаго, як са здароўем (гэта ў яе дваццаць восем!). І толькі пасля першага келіха я сказаў:

— А я думаў — усё.

— Яно і ёсць усё. Няма чаго цягнуць далей, калі ты такі ўжо сумленны.

Сумленны не сумленны, але я, калі ў першы наш вечар уся кампанія пайшла ад мяне, а яна засталася, і не пайшла да раніцы, і пасля заставалася амаль кожны вечар на працягу чатырох месяцаў, я тады, дальбог, не ведаў і нават падумаць не мог, што яна замужам. Наадварот, з гэтых яе паводзін несумненна вынікала, што яна адна. Чорт бы пабраў гэтых мужоў, што ездзяць на сем месяцаў у экспедыцыі, ды яшчэ туды, куды нават няшчасны Макар не ганяў сваіх не менш няшчасных цялят.

Выплыла ўсё толькі тады, калі я прапанаваў ёй паехаць на поўдзень, а пасля падумаць і аб нечым больш «сур'ёзным».

|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]