Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
44 из 75
Хомка так i зрабiў.
У тую-ж ноч чуе Хомка - нехта стук-стук у вакно. Ён падыйшоў, бачыць - за вакном мядзьведзiха стаiць ды лапай, як чалавек, не раўнуючы, грук-грук па шыбе.
Пабаяўся Хомка выйсьцi з хаты. Затое Хомчыха сьмела выскачыла - матка... Сэрца маткi заўсёды чуе i кепскае, i добрае.
Мядзьведзiха падняла зь зямлi дзiцё i падала мацi ў рукi. Хомчыха падзякавала. Мядзьведзiха нешта зараўла ў вадказ. Паглядзела на Хомчыху, паслухала, як тая плача й сьмяецца ў вадзiн i той самы час, выцерла лапай вочы ды спакойна пайшла на гумно, а адтуль - у лес.
Хоць дзiцё жыло ў мядзьведзiхi цэлы тыдзень, але было вясёлае й ружовенькае - лепш, чым у маткi. Мядзьведзiха не адбывала-ж прыгону. Вiдаць, акуратна кармiла чалавечае дзiцё сваiм мядзьведзкiм малаком.
Дзiцё расло дужае, здаровае. Вырас добры хлопчык. Як ён пачаў хадзiць, яго ўсё цягнула ў лес. Аднаго разу ён пайшоў у лес - i колькi яго нi шукалi, не знайшлi.
- Пэўна, ваўкi зьелi, - гаварылi людзi.
Усё лета палясоўшчыкi скардзiлiся, што хтосьцi крадзе ў iх хлеб i мёд.
I вось у самую восень, калi надыйшлi халады, хлопчык вярнуўся дамоў.
- Дзе-ж ты быў?
- У мядзьведзяў...
- Як гэта?
- Захацелася да iх. Вось я й пайшоў...
- Чым-жа ты жывiўся там, сынок?
- Мядзьведзiха прыносiла мне хлеб i мёд.
Кажны раз, канчаючы гэтае апавяданьне, Вышамiрскi гаварыў:
- Каб я з гэтага месца ня ўстаў, калi маню!
I ён уставаў зь месца i адыходзiў дамоў, абапiраючыся аб кiёк.
|< Пред. 42 43 44 45 46 След. >|