Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке)   ::   Автор неизвестен

Страница: 45 из 75



Зьмiтрок Бядуля

ГЕНЕРАЛ

Вы ня ведаеце Мiхасёвага пеўня? Шкада! Цiкавы певень... А можа вы i Мiхася ня ведаеце? Дык гэта-ж цёткi Агаты сын. Яму ўжо чатыры гады з гакам. Праўда, гак гэты не такi вялiкi: усяго два месяцы. Але Мiхась шмат чаго сам ужо ўмее зрабiць. Ён, напрыклад, сам трымае лыжку ў руцэ, сам есьць. А калi пад'есьць, то адсуне ад сябе мiску i скажа:

- Мама, Мiхась пад'еў. Дзякуй.

Пасьля яды хлопчык пачынае майстраваць. Ён-жа - майстра на ўсе рукi. I складанчык у яго ёсьць. Зусiм запраўдны. Праўда, складанчык гэты з маленькiм бракам: палавiна ляза адламаная, i ён ня войстраны гады два. Але што тут за бяда. Падумаеш, - палавiна ляза адламаная. Другая-ж засталася. Ёю можна зрабiць, што хочаш. У нядзелю, калi нiкога ня было дома, Мiхась узяў матчын апалонiк i зрабiў зь яго... люльку! Як бачыце, Мiхась - хлопчык хоць куды!..

Вось так напрацуецца за дзень, а ўночы сьпiць - хоць з гармат палi, не разбудзiш. Тады ён забываецца й пра пеўня. А певень кажны раз досьвiткам першы ў вёсцы сьпявае. Ну, быццам, пiльнуе, калi ранiца надыйходзiць. Залопае крыламi i як зацягне, моцна-моцна, - ку-ка-рэ-ку-у!

- Ах, каб на цябе лiха! Вось-жа глотку дзярэ, гарлатан! I паспаць ня дасьць, - зь лёгкай злосьцю бурчыць ён i зноў пачынае драмаць. А певень памаўчыць крыху, набярэ поўныя грудзi паветра i зноў - ку-ка-рэ-ку-у-у!

I калi зацягне ў трэйцi раз, то па усей вёсцы пачнуць адгукацца пеўнi, быццам хочуць даказаць, што яны таксама ня сьпяць.

А ранiцай певень i Мiхась на двор выходзяць разам.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]