Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 123 из 146

Партызаны саскокваюць з падножкi, хаваюцца пад адкос, чакаюць, што ж будзе далей, што будуць рабiць немцы.

Цiха скрыгануўшы коламi, сталi вагоны. Толькi i распазнаеш iх, гледзячы з-пад адкосу. Цёмныя абрысы вагонаў ясна выдзяляюцца на змрочным небе начы. Партызаны чакаюць. Але ў арыштанцкiм вагоне цiха. Не чуваць адтуль нi гукаў, нi шолаху. Цёмна ў вагонных вокнах, не вiдаць нiводнага водблiску свечкi.

- Што за чамярыца? А дзе ж людзi, канвой? - думалi i здзiўлялiся партызаны. Акружылi вагон. Яшчэ раз прыслухалiся - цiха ў вагоне. Пастукалi - нiхто не адказвае. Тады пачалi моцна бiць у замкнутыя дзверы, але вагон маўчаў, не адзываўся нiводным гукам на стук.

- Буфер сюды! - закамандаваў Мiколка.

Знялi з вагона буфер i, падняўшы яго, пачалi iм бiць з усiх сiл у замкнутыя дзверы. Хвiлiна-другая - i цяжкiя, акутыя жалезам дзверы сарвалiся з завесаў. Разбiлi i другiя дзверы i толькi тады ўскочылi ў вагон. I тое, што ўбачылi яны, было зусiм нечаканым i незразумелым. На лаўках ляжалi пазвязваныя нямецкiя салдаты. Тут жа ляжалi i звязаныя два нямецкiя афiцэры з канвою.

Канвой хоць i звязаны, але ж быў у вагоне. Не было толькi арыштаваных. Як нi старанна аглядалi кожны куток вагона, нiводнага з арыштаваных не знайшлi. I куды падзелiся яны, нiхто не мог дакладна давесцi. Былi цэлыя дзверы i вокны, былi цэлыя, акутыя дзе-нiдзе жалезам, сцены. I толькi пасля даведалiся партызаны, што арыштаваным удалося шчаслiва ўцячы з вагона праз спецыяльна прарэзаную дзiрку ў падлозе вагона пад адной з лавак.

|< Пред. 121 122 123 124 125 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]