Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 124 из 146

Перад тым як уцячы на хаду з вагона, арыштаваныя зрабiлi смелы напад на канвой, абяззброiлi яго i, каб не было перашкоды для ўцёку, павязалi яго. А дзiрка ў вагоне была знарок падрыхтавана загадзя рабочымi, калi вагон яшчэ стаяў у дэпо.

Хоць Мiколка вельмi хацеў пабачыць свайго бацьку, для якога ён так стараўся, усё ж бацькава нечаканае знiкненне не надало яму суму. Мiколка быў надзвычай радасны i задаволены.

- Маладзец бацька! Не паддаўся, уцёк...

А тым часам ужо развiднела. Падышла група рабочых з блiжэйшай пуцявой казармы. З iх дапамогай абярнулi вагоны i скiнулi iх пад адкос.

- Далоў нямецкую турму! - жартавалi рабочыя, падкладаючы шпалы i тэлеграфныя слупы пад арыштанцкi вагон, каб ямчэй спiхнуць яго ўнiз.

Нямецкiх салдат пусцiлi на волю.

А самi падалiся праз лясы да свайго атрада, да слаўнага свайго "браняносца".

* * *

Гiсторыя з пакражай палкоўнiка i смелым уцёкам бальшавiкоў нарабiла вялiкага шуму ў немцаў. Па вёсках пайшлi ўзмоцненыя карныя атрады. Яшчэ больш пасыпалiся розныя кары на рабочых. Барацьба прымала рашучы i жорсткi характар. Але рабочыя не здавалiся. Чым большыя былi кары, тым марудней iшлi цягнiкi, тым больш было рознае шкоды для немцаў.

Шалелi нямецкiя генералы. Прымалi i абвяшчалi самыя суровыя загады, рабiлi захады, каб злавiць людзей, якiя супрацiўлялiся iм, перашкаджалi беспакарана грабiць гарады i вёскi, распаўсюджвалi пракламацыi сярод нямецкiх салдат. I хутка Сёмка-матрос i дзед Астап даведалiся, што iх галовы ацэнены ў сотнi тысяч германскiх марак.

|< Пред. 122 123 124 125 126 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]