Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 132 из 146

Пачалi лбы хрысцiць, ды галасiць, ды прыгаворваць:

- Упакой, Госпадзi, душу бязгрэшную!

Iм i сапраўды здавалася,што нябожчыка нясуць. Таму i слёзы пусцiлi, самыя сапраўдныя.

А тут i немцы ўжо. Iмчаць наўскач з канца вулiцы, толькi пыл курыць, конi ржуць, шаблi паблiскваюць.

I страшна Мiколку i смешна. Нясе пратэсiю царкоўную ды тонкiм голасам падцягвае:

- Ве-е-ч-ная памяць! Ве-е-чны пакой!

I ўсе за iм:

- Ве-е-ч-ная памяць...

А тут зiрнуў на дзеда i ледзь не самлеў. Ужо блiзка немцы, а дзед нясе крыж i на сябе не глядзiць. Вiсяць на поясе ў дзеда дзве бомбы, забыўся той па старой памяцi на iх, не схаваў. I як запяе тут Мiколка ды на новы лад:

- Ве-е-чная па-а-мяць... Дзеду, дзеду, бо-о-мбы хавай, што на поясе вiсяць...

I ўсе падхапiлi басам:

- Што на поясе вiсяць... што на поясе вiсяць...

Пачуў дзед, схамянуўся, хуценька бомбы схаваў за пазуху i, як нi лыс, Мiколку падмiргнуў. I да таго тут зрабiлася весела Мiколку, што ледзь у скокi не пусцiўся з пратэсiяй. Нават "вечную памяць" на манер кадрылi запеў. Зiрнуў на яго Сёмка сурова, шапнуў - загадаў:

- Цягнi, цягнi, ды каб жаласлiва было...

А немцы ўжо блiзка. Цяжка храплi ўзмыленыя конi, гулка бiлi ў зямлю цяжкiмi капытамi. Прыцiшыўся нямецкi атрад, калi параўняўся з хаўтурнай працэсiяй. Нават пад казырок узялi немцы труне з нябожчыкам. Не азiралiся партызаны, старанна выцягвалi "вечную памяць". Плакалi ды галасiлi бабкi. Нямецкi атрад паволi праехаў каля "працэсii" i, падагнаўшы коней, памчаў далей галопам па вулiцы. Аж у самы канец праляцелi. Адтуль назад, на сярэдзiну сяла. Немцы былi яўна расчараваны.

|< Пред. 130 131 132 133 134 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]