Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 133 из 146

Яны, вiдаць, рабiлiналёт, хацелi некага злавiць. Але нiякiх партызан на сяле не знайшлi, i следу тут не вiдаць было ад партызанскага атрада.

Труна з нябожчыкам усё шпарчэй наблiжалася да могiлак, якiя былi за сялом.

- Хутчэй, хутчэй! - камандаваў Сёмка-матрос.

Не паспявалi бабкi следам, бурчаць пачалi:

- Куды гонiце... Дайце душы нябожчыка гэтым светам усмак падыхаць...

Але тут як крыкне Сёмка, як закамандуе бабкам:

- Хавайцеся, бабкi, па баразёнках, нябожчык уваскрос!

Зiрнулi тыя на труну, ды куды каторыя кiнулiся ў жыта хавацца.

А немцы тым часам спешылiся i, прывязаўшы коней да платоў, кiнулiся курэй ды парасят лавiць, шукаць па хатах "млека ды яйкi". Пачуўшы кудахтанне курэй, уехалi ў вулiцу i тыя атрады, якiя акружалi сяло, заставы рабiлi.

I пачалiся тут несусветная сумятня, гвалт, вэрхал, шалёная стралянiна.

Не паспелi немцы i малака паспытаць, як загрымеў з могiлак вызвалены з труны "нябожчык". Ваўсю грымеў кулямёт, наводзячы вялiкi жах на немцаў сваiм нечаканым з'яўленнем. Кiнулiся немцы да коней, але партызаны, якiя засталiся па гародах, такую стралянiну паднялi, што было не да коней. Ды i кулямёт не змаўкаў. I пабеглi немцы хто куды, без коней, а некаторыя i карабiны пакiдалi. Як злавiў каторы курыцу, так i бег з ёй, гойсаючы цераз платы, цераз канавы, уцякаючы да лесу. I не да курэй было. Ляцелi вызваленыя птахi, ашалела кудахталi па гародах, кiдалi немцы гладышы з малаком, давалi спрытнага драпака.

А ўслед iм iмчалi ўжо конныя партызаны...

|< Пред. 131 132 133 134 135 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]