Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 33 из 146

Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялi толькi некалькi сарайчыкаў з рознымi матэрыяламi, i, як падгледзеў Мiколка з групай сваiх дружбакоў, былi там i бочкi з фарбай. З прычыны завяршэння будаўнiцтва дома гаспадар наладзiў урачысты баль, склiкаў шмат гасцей. Тут быў i начальнiк дэпо, i некаторае дарожнае начальства, усе вялiкiя шышкi на чыгунцы. Госцi весялiлiся ў невялiкiм садку, выпiвалi, закусвалi. Тут жа круцiўся ля стала i вялiкi пушысты кот, любiмец "буржуя". Мiколкава кампанiя доўга завiхалася ля садка, пакуль iм не ўдалося заманiць ката да сябе i злавiць яго.

А злавiўшы, усе забралiся ў адзiн сарай i наладзiлi кату хрышчэнне ў бочцы з вадкай зялёнай фарбай, якой фарбуюць звычайна пасажырскiя вагоны. Акунуўшы ката разы са два ў бочцы так, што з яго цякла з усiх бакоў фарба, Мiколкава кампанiя задала лататы i, схаваўшыся за садком, назiрала, што будзе рабiць кот. Той адразу ж кiнуўся да гасцей i, не доўга думаючы, скочыў на каленi да свайго гаспадара i пачаў атрасацца ад мокрае фарбы. "Буржуй" не заўважыў спачатку нiчога, усё гаварыў нешта з гасцямi. Але потым да Мiколкавай кампанii данёсся выбух рогату: то смяялiся госцi над катовымi ўчынкамi. Увесь летнi касцюм гаспадара быў канчаткова сапсуты.

Тады Мiколкава кампанiя крыкнула на ўвесь голас: "Крадзеная, крадзеная!" i ў адзiн мiг кiнулася наўцёкi. Што было далей з "буржуем", Мiколка не ведаў. Але быў вельмi задаволены - хоць чым-небудзь ды адпомсцiў ненавiснаму чалавеку.

- Будзе ведаць, як фарбы шкадаваць нашым людзям...

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]