Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 31 из 146

Расказваў поп, як Бог займаўся будаўнiцтвам, як будаваў i стварыў свет, неба, зямлю, раслiны i жывёлу i як урэшце ён чалавека стварыў, Адама, а з яго рабрыны жонку гэтаму чалавеку, Еву. Слухаў, слухаў Мiколка ды - у рогат. Так i пусцiўся ў смехi, аж да скамейкi прысядае. Раз'ярыўся поп, наступае грозна на Мiколку:

- Ты чаго, iрад, з Божага слова смяешся?

А Мiколка не сцiхае, рагоча, залiваецца. I як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама i Еву. Не пра тых, з якiмi Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачнiка Адама i прыбiральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькi рэбры ды косцi. А "буржуй" вунь тоўсты-тоўсты, ледзь у дзверы пралазiць, калi ходзiць па складу. А поп ужо за вуха Мiколкава ўзяўся:

- Кiнь смяяцца, кажу!

- То як жа кiнуць, калi смешна... Калi Адам i Ева ў нас такiя хударлявыя, што Богу i клопату не было з iмi, цi доўга iх стварыць... А вось як гэта Бог "буржуя" стварыў, няйначай тры днi пацеў.

- Якога "буржуя"? - вытарашчыў поп вочы.

- Ды нашага, што складам пры дэпо i нашымi вагонамi, дзе мы жывём, загадвае... Такi ж таўшчэзны. I злосны, гад, як прыйдзе, дык усё лаецца.

Поп учапiўся, як абцугамi, за вуха i пацёг Мiколку ў кут на каленi.

- Станавiся тут i не варушыся! - i як бразне Мiколку аб падлогу, у таго аж iскры пасыпалiся з вачэй.

- А ты не бiся, чорт кудлаты! - не сцярпеў тут Мiколка ды як хопiць зубамi за папоўскую руку, той аж падскочыў на месцы.

I чаго-чаго не было тут пасля. Даўся ў знак Мiколку гэты "буржуй". Пацярпеў i чуб, i вушы, i каленi, хапiла яшчэ i па патылiцы. А ў дадатак да ўсяго загадалi бацьку паклiкаць у школу.

|< Пред. 29 30 31 32 33 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]