Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 65 из 146

Але дзед Астап быў не ў гуморы i ў адказ на Мiколкавы падмiргваннi так сурова зiрнуў на яго i так рашуча ўзяўся парадкаваць пяцярнёй сваю бараду, што Мiколка палiчыў за лепшае "не падсыпаць дзеду солi на раны", як казала часам мацi. Калi дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны.

А камендант усё завiхаўся ля дзвярэй. Ён i пыхцеў i соп, аж каплi поту ўкрылi яго лысiну, а дзверы ўсё не паддавалiся. Ён ужо некалькi разоў грозна крычаў, мусiць, прапануючы арыштаваным адразу ж адчынiць дзверы i не заводзiць такой непрыемнай бузы.

"Як жа, адчыняць табе..." - пасмейваўся сам сабе Мiколка, успамiнаючы, як, уцякаючы ноччу з пакгаўза, вызваленыя iм арыштаваныя асцярожна, каб не пачуў часавы, замкнулi дзверы знутры на вялiкую жалезную засаўку.

Камендант грымнуў каманду, адышоў убок, i чалавек з дзесятак салдат наляглi на дзверы. Але яны - нi з месца, як моцна нi калацiлi па iх дзесяткi чалавечых рук. Яшчэ спрытней наляглi салдаты на дзверы, увесь пакгаўз тросся ад моцнай калатнечы, але дзверы не паддавалiся. I толькi са страхi пралiлiся некалькi струменьчыкаў вады i трапiлi за каўнер каменданту. Той падняў галаву ўгару, разгублена паглядзеў на неба, адкуль то дождж. Але ярка свяцiла сонца, на небе не вiдно было нi воблачка, над пакгаўзам мiрна ляталi белагрудыя ластаўкi, нiдзе не было анiякага, хоць бы маленечкага, намёку на дождж.

Пакруцiў галавой камендант, пацяў плячыма недаўменна, на салдат накiнуўся з лаянкай. Тыя яшчэ дружней узялiся за працу, i цэлы струмень вады iзноў ёмка трапiў за каўнер каменданта.

|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]