Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 78 из 146

Ды яшчэ бачыў, як кiнулiся ўбок напалоханыя салдаты ды блiзка каля iх шпарка прабег той чалавек, што стаяўдагэтуль пад хвояй. Чалавек, якому хацелi завязаць вочы, каб нiколi-нiколi не бачыў ён нi зары, нi яснага сонечнага ўсходу, нi чыстых зор, нi ўсяго, што ёсць на прыгожай зямлi. Гэта быў адзiн толькi момант, калi, здавалася, нiбы прыкуты быў да месца Мiколка, не мог скрануцца, паварушыцца.

- Пойдзем хутчэй адсюль, унучак! Не варта тут доўга аставацца...

Дзед быў узрушаны не менш, чым Мiколка, i таропка хаваў сваю зброю за пояс.

I тут не вытрымаў Мiколка. Ён кiнуўся дзеду на шыю, церабiў яго сiвую бараду, ласкава гладзiў шурпатыя шчокi ў маршчынках i, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў:

- Якi ж ты, дзед, слаўны чалавек... Якi ж харошы, дзядуля... Якi ж ты, мой дзеду, храбры.

Але дзед тут паморшчыўся крыху.

- Пра храбрасць ты кiнь... Не ў ёй справа, унуча. Кожны павiнен дапамагчы свайму чалавеку, якi з мазаля жыве i якога крыўдзяць.

Мiколка з дзедам, спяшаючыся, пайшлi ад таго месца, дзе вызвалiлi яны ад смерцi чалавека, якога нават не ведалi, пра iмя якога нiколi не чулi. Вызвалiлi таму, што на чалавеку было зрэбнае палатно, у чалавека былi мазалi, чалавека хацелi забiць насiльнiкi, прыгнятальнiкi.

Мiколка з дзедам трапляюць у бяду

Ужо вечарэла, калi Мiколка з дзедам натрапiлi на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькi дзесяткаў сялян з сем'ямi, з маёмасцю, з коньмi, з каровамi. Збоку ўсё было падобна на вялiкi цыганскi табар. Стаялi калёсы з паднятымi ўгору аглоблямi. На аглоблях былi панадзяваны розныя дзяругi, коўдры.

|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]